Грамадзяніна Беларусі перадалі ў "ДНР" падчас абмену палоннымі ва Украіне

Грамадзяніна Беларусі перадалі ў "ДНР" падчас абмену палоннымі ва Украіне

29 снежня падчас абмену палоннымі ва Украіне ў так званую "ДНР" быў перададзены грамадзянін Беларусі Дзмітрый Новікаў, паведамляе Радыё "Свабода". Яго перадалі на кантрольным пункце "Маёрскае" ў Данецкай вобласці.

Новікава затрымалі 10 жніўня 2018 года за ўдзел у баях на баку так званай "Данецкай народнай рэспублікі". Суд Дружкаўскага раёна Данецкай вобласці пастанавіў яго вызваліць, але абавязаў прыбываць у суд і да пракурораў па першым патрабаванні, а таксама паведамляць пра змену месца пражывання. 

Паводле ўкраінскага заканадаўства, калі Новікаў не з'явіцца на наступнае судовае пасяджэнне 28 студзеня, суд можа завочна ўхваліць пастанову аб яго пакаранні.

Новікава вінавацяць у стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі, неаднаразовым парушэнні парадку ўезду-выезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны, а таксама ў вядзенні агрэсіўнай вайны.

Абвінавачванне сцвярджае, што Новікаў далучыўся да незаконных узброеных фармаваньняў так званай "ДНР" у лістападзе 2014 года. Гэта адбылося праз групу ў сацсетках, якая кіравалася з Масквы. Кантракт на вайсковую службу беларус падпісаў ужо ў Данецку. У складзе танкавага батальёна "Самалі" ён удзельнічаў у баях за Данецкі аэрапорт, а потым у баях з украінскімі войскамі ў Ясінавацкім раёне Данецкай вобласці.

З лістапада 2014-га ён перыядычна звальняўся са службы ў "ДНР" і большую частку часу знаходзіўся ў Расіі. Следства мяркуе, што дзейнасць Новікава і яго неаднаразовыя вяртанні ў войскі "ДНР" каардынаваліся з Сергіевага Пасаду пад Масквой.

На судзе беларус заявіў, што не прызнае сябе вінаватым: "Самалі" не з'яўляецца незаконным узброеным фармаваннем ці тэрарыстычнай арганізацыяй. Гэта законнае ўзброенае фармаванне. У вядзенні агрэсіўнай вайны я таксама не лічу сябе вінаватым, бо я не ўдзельнічаў ні ў баявых дзеяннях, ні ў запалохванні насельніцтва, ні ў здзяйсненні тэрарыстычных актаў. Я ні ў каго не страляў, нікога не рабаваў. Я выконваў службу".

Разам з тым ён прызнаў, што некалькі разоў перасякаў мяжу Украіны і Расіі, але не лічыць гэта парушэннем. Таксама ён абвяргае, што прыехаў у "ДНР" па змове з прадстаўнікамі Расіі — ён кажа, што зрабіў гэта добраахвотна. 

На суд Новікава беларускія дыпламаты не прыязджалі. Па іх словах, консульская дапамога ў судах ажыццяўляецца толькі пры адпаведным звароце падсуднага, а Новікаў да іх не звяртаўся. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі