Вы тут

Грабеншчыкоў зладзіў акцыю ў падтрымку беларускіх музыкаў-палітвязняў

Барыс Грабеншчыкоў / kommersant.ru

Лідар гурта "Акварыум" Барыс Грабеншчыкоў зладзіў акцыю ў падтрымку беларускіх музыкаў-палітвязняў з гурта Irdorath. Ён выставіў на дабрачынны аўкцыён сваю камізэльку, у якой выступаў падчас канцэртнага тура 2005-2006 гадоў.

“Калі людзей садзяць у турму за тое, што яны граюць музыку на вуліцы, гэта значыць, што ў свеце нешта вельмі не так, — кажа Грабеншчыкоў. — А гэта значыць: калі можаш хоць чымсьці дапамагчы — дапамажы”.

Атрыманыя сродкі пойдуць на падтрымку музыкаў з Irdorath. У снежні 2021-га лідары гурта Надзея і Уладзімір Калачы былі асуджаныя на два гады калоніі, а музыкі Пятро Марчанка, Юлія Марчанка і Антон Шніпна 1,5 года калоніі агульнага рэжыму кожны. Іх прызналі вінаватымі "ва ўдзеле і арганізацыі мерапрыемстваў, што груба парушаюць грамадскі парадак" — выконвалі музыку падчас масавых акцый пратэсту ў жніўні 2020-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.