Гомельскія ІП зноў правялі сход каля аблвыканкаму

Гомельскія ІП зноў правялі сход каля аблвыканкаму

17 лютага індывідуальныя прадпрымальнікі сабраліся каля будынка Гомельскага аблвыканкама. Яны хацелі абмеркаваць з уладамі свае праблемы.

Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Эльвіра Карніцкая прапанавала прадстаўнікам рынкаў прайсці ў залу пасяджэнняў. "Нам таксама трэба, каб вы працавалі, нам гэтыя праблемы не патрэбныя, і пустыя рынкі таксама не патрэбныя", — перадае БелаПАН словы чыноўніцы.

Карніцкая нагадала, што 16 лютага ў Мінску адбылося пасяджэнне групы пры Мінэканомікі. Там былі дасягнутыя пэўныя дамоўленасці з Дзяржстандартам, але пакуль "не было дасягнута разумення з МПЗ", адзначыла чыноўніца. Падатковая абяцала бліжэйшымі днямі разгледзець шэраг варыянтаў: па накладной, неабходнай пры перамяшчэнні на адным рынку, па афармленні накладной самімі прадпрымальнікамі пры прывозе тавару і па адмове ад сустрэчных праверак па накладных на тавар, прывезены да 1 студзеня 2016 года. Канчатковая пазіцыя падаткавікоў павінна быць агучаная 23 лютага, на чарговым пасяджэнні працоўнай групы ў Мінску.

Карніцкая падкрэсліла, што гаворка ідзе не пра адмену ўказу №222, а пра тое, як ІП працаваць легальна ў рамках гэтага дакумента.

Прысутныя іпэшнікі нагадалі, што перамовы ідуць ужо два месяцы, а гэта доўгі тэрмін для іх бізнесу. Карніцкая адказала, што для дзяржаўнай машыны, калі задзейнічаныя розныя ведамствы і міністэрствы, два месяцы — гэта вельмі мала. Па яе словах, прадпрымальнікам варта было ўздымаць гэтыя пытанні як мінімум паўгода таму.

Іпэшнікі таксама пыталіся наконт аптовых рынкаў, стварыць якія абяцала ўлада. "Ствараць аптовыя рынкі — гэта справа бізнесу, дзяржава не будзе гэта рабіць", — паведаміла ім чыноўніца.

Прадпрымальнікі вырашылі сабрацца каля аблвыканкаму праз тыдзень, а таксама вырашылі чакаць вынікаў нарады працоўнай групы, якая пройдзе ў Мінску 23 лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі