Вы тут

Гомельскі святар: "Не займацца цяпер "палітыкай" — злачынна"

Праваслаўны святар Уладзімір Драбышэўскі / facebook.com/Vladimir.Drob

Гомельскі праваслаўны святар Уладзімір Драбышэўскі выступіў з эмацыйным зваротам да вернікаў.

Драбышэўскі набыў вядомасць удзелам у жнівеньскіх акцыях пратэсту супраць гвалту, учыненага сілавікамі. За гэта яго двойчы судзілі, агулам ён адбыў 25 сутак арышту. Драбышэўскі — бацька шасці дзяцей.

У сваім допісе ў Фэйсбуку ён згадвае навіны апошніх дзён. Як асуджанага Мікіту Залатарова зноў абвінавацілі — гэтым разам у нападзе на канвой. Як маці пяці дзяцей заяўляе пра збіццё, але следчы гэта не фіксуе. 

Па словах Драбышэўскага, такія ж бесчалавечныя паводзіны ён назіраў і падчас свайго арышту: "Адкуль бяруцца гэтыя каты?! З якой планеты? дзе і кім яны выхоўваліся?! Я назіраў у Гомельскім ІЧУ. Там большасць вертухаяў — маладыя хлопцы і дзяўчаты (пара чалавек усё яшчэ былі падобныя на дзяўчат, я тут пра чалавечнасць і жаноцкасць). Прэ пекла з людзей..."

Ён звяртаецца да праваслаўных вернікаў: "Давайце, праваслаўныя, прызнаемся самі сабе: мы (у большасці сваёй) не нясем ні святла, ні радасці ні ў сабе саміх, ні ў навакольны нас свет. А мы чамусьці перакананыя, што так і трэба, што па-іншаму і быць не можа..."

Драбышэўскі адзначае, што большасць людзей, якіх ён бачыў на гомельскіх вуліцах у жніўні і верасні 2020 года, а потым у ІЧУ, былі людзі не царкоўныя. Але іх паводзіны яму нагадалі сапраўднае хрысціянства: "Іх учынкі і зносіны, атмасферу ў ланцужках, на маршах, на плошчы (нават пры зносінах з ябацькамі) смела можна назваць сапраўдным хрысціянствам і малой царквой. Тым горш мне было тады і цяпер успамінаць сваю парафіяльную атмасферу..."

Святар заяўляе, што ў нашай краіны, грамадства,  царквы ёсць рэальны шанц "перамагчы цемру і пекла". Але чакае шмат працы, якая пачынаецца з кожнага з нас.

"Не займацца цяпер "палітыкай" — злачынна, гэта значыць падаўжаць катаванні і пакуты палітвязняў і іх родных — нашых блізкіх. Гэта значыць, хай і міжволі, але працаваць на баку пекла і спрыяць яго пашырэнню", — канстатуе ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.