Гомельскі суд адмовіўся аднаўляць Змітра Жалезнічэнку ва ўніверсітэце

Сёння суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмовіўся задаволіць скаргу маці адлічанага з універсітэта Змітра Жалезнічэнкі на неправамерныя дзеянні ВНУ. Нагадаем, у студзені актывіста апазіцыі адлічылі з навучальнай установы, пасля чаго ён адразу быў прызваны ў войска, дзе знаходзіцца і дагэтуль. Па словах яго маці Алы Жалезнічэнка, суд не меў падстаў адмаўляць у задавальненні скаргі.

“Нельга адлічаць студэнта падчас выкацыяў. Толькі аднаго гэтага дастаткова, бо гэта прапісана ў законе. 22 студзеня, калі быў падпісаны ўказ, гэта і быў дзень вакацыяў. Потым у гэты час, калі на яго складалі адміністрацыйныя пратаколы, Зміцер увогуле не быў студэнтам. На той момант ён быў адлічаны. Гэта пасля яго аднавілі. Згодна з працоўным кодэксам, яго не маюць права адлічаць за адміністрацыйнае правапарушэнне, якое не мае дачынення да асноўнай дзейнасці”.

Нагадаем, Змітра Жалезнічэнку адлічылі другі раз за тое, што ён быў арыштаваны нібыта за нецэнзурную лаянку. Аднак у момант, калі ён адбываў пакаранне, Жалезнічэнка ўжо быў адлічаны. Пазней гарадскі суд абавязаў універсітэт аднавіць Змітра. Пасля аднаўлення яго паўторна адлічылі і прызвалі ў войска.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі