Гомельская суддзя адмовілася весці працэс па-беларуску

Суддзя Вольга Казлова перанесла паседжанне на 16 верасня праз тое, што Цянюта патрабаваў весці працэс па-беларуску або даць перакладчыка. Актывіст абскарджвае ў судзе сваё адлічэнне з ВНУ, якое лічыць незаконным.

У судзе маладафронтавец адразу заявіў хадайніцтва, каб справа вялася па-беларуску. Суддзя сказала, што ў краіне дзве дзяржаўныя мовы і справаводства ў судах вядзецца на рускай. Тады Цянюта запатрабаваў перакладчыка, бо яго родная мова — беларуская, паведамляе БелаПАН.

Актывіст “Маладога фронту” вучыўся завочна на трэцім курсе па спецыяльнасці “Правазнаўства” на платнай аснове. Ён не меў няздадзеных залікаў і экзаменаў. Ён лічыць, што яго адлічылі з Гомельскага дзяржуніверсітэту па палітычных матывах.