Глеба Рубанава прызналі вінаватым у экстрэмізме і аштрафавалі на 1020 рублёў

Глеба Рубанава прызналі вінаватым у экстрэмізме і аштрафавалі на 1020 рублёў

Грамадскага актывіста і ІТ-кансультанта Глеба Рубанава прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў яму штраф у 1020 рублёў (40 базавых велічынь), піша праваабарончы сайт "Вясна".

Рубанава абвінавачвалі ў тым, што 5 сакавіка ён распаўсюдзіў у Фэйсбуку абрэвіятуру A*AB, прызнаную ў Беларусі экстрэмісцкай. Пад яго імем была размешчаная спасылка на пост іншага карыстальніка Фэйсбука. У прэв'ю таго поста і была бачная абрэвіятура. "І нават калі другі карыстальнік памяняе фатаграфію ў сваім допісе (напрыклад, дадасць выяву з забароненай абрэвіятурай), яна гэтак жа зменіцца і ў лінку карыстальніка з іменем Hleb Rubanau", — патлумачыў Рубанаў перад пачаткам судовага пасяджэння. 

Ён не прызнаў сябе вінаватым, бо не выяўленая асоба, якая размясціла выяву з абрэвіятурай у Фэйсбуку. Як IT-спецыяліст Рубанаў лічыць, што МУС прынцыпова не можа выявіць такіх асоб, бо гэтымі звесткамі валодае толькі амерыканскі сегмент Фэйсбука. Адзіная інфармацыя, якую могуць дкладна выявіць беларускія сілавікі разам з Фэйсбукам, — гэта ІР-адрас карыстальніка. 

ІТ-кансультант адмовіўся адказваць на пытанне суддзі, ці зарэгістраваны ён у Фэйсбуку, бо ён не павінен даказваць сваю невінаватасць і сведчыць супраць сябе.

Як паведамляла Еўрарадыё, у ноч на 4 траўня Рубанава выклікалі з кватэры ў двор — нібыта была пашкоджаная яго машына. Там міліцыянты яго затрымалі і завезлі ў пастарунак. Ноч ён правёў за кратамі, удзень яму ўручылі позву ў суд па справе аб распаўсюдзе экстрэмізму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі