Вы тут

"Пагоня" побач: гісторыя Беларусі ў цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў

Калюмны і герб "Пагоня" на стадыёне "Дынама" / Еўрарадыё

У сацсетках шмат станоўчых водгукаў пра цырымонію адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Не ў апошнюю чаргу дзея спадабалася беларусам з-за аб'ёмнага гістарычнага блока. Шоу ахоплівала тысячагадовую гісторыю Беларусі — ад Ефрасінні Полацкай да нашых дзён!

На стадыёне "Дынама" з'явіліся герб Гедымінавічаў "Калюмны" і гістарычны герб ВКЛ "Пагоня", Ефрасіння Полацкая, зубры і слуцкія паясы. А пастамент з агнём Еўрапейскіх гульняў зроблены ў выглядзе лісця папараць-кветкі:

Сімвалы, дарагія сэрцу беларуса, былі заўважаныя і ў іншых частках цырымоніі. Праўда, адзінай за ўвесь вечар афіцыйнай асобай, якая звярнулася да гледачоў на беларускай мове, апынуўся не хто-небудзь з беларускіх чыноўнікаў, а Янэз Качыянчыч, прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. На экранах яго выступ паказвалі з рускімі субцітрамі. На стадыёне беларускія словы зрабілі поўнае захапленне — быццам бы гледачы толькі і чакалі, калі хто-небудзь загаворыць па-беларуску!

Еўрапейскія гульні 2019 праходзяць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. У 15 відах спорту будуць спаборнічаць больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 краінаў.

Афіцыйны дэвіз Гульняў — Bright Year, Bright You ("Яркі год, яркі ты"). Лагатып — папараць-кветка, талісман — лісяня Лесік.