Вы тут

Гэта вам не кіно: паслухайце, як КС не пускае на разгляд закона аб адтэрміноўках

Канстытуцыйны Суд будзе разглядаць “закон аб адтэрміноўках" за зачыненымі дзвярыма. Для рэзананснага дакумента, які робіць больш жорсткімі правілы прызыву ў войска, абраны так званы пісьмовы разгляд: без лішніх сведкаў і спрэчак. Але як гэта тлумачаць у судзе?

У распараджэнне Еўрарадыё трапіў цікавы аўдыязапіс. Неабыякавы беларус хоча трапіць на разгляд і тэлефануе ў Канстытуцыйны Суд. Ён заўважае, што ў рашэннях КС часта напісана, што яны прымаюцца ў адкрытых пасяджэннях.

— Гэта значыць, трапіць туды можа любы ахвочы?

Не, не зусім так. Ёсць вусная форма разгляду закона, а ёсць пісьмовая. У выпадку вуснай формы разгляду закона выклікаюцца бакі, выклікаюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія выступаюць, спрачаюцца, кансультуюць <....> І адпаведным чынам праходзіць адкрытае абмеркаванне, якое прадугледжвае вусная форма. Дыскусія, галоснае выказванне сваіх думак. Такое паседжанне прадугледжвае ўдзел іншых асоб, сродкаў масавай інфармацыі і гэтак далей.

Зразумела.

Калі вы пачытаеце закон “Аб канстытуцыйным судаводстве”, дык там ёсць другая форма разгляду — пісьмовая. Яна не прадугледжвае ўдзел іншых асоб, акрамя як суддзяў.

Каб трапіць на вусны разгляд таго ці іншага закона ў Канстытуцыйным Судзе, трэба напісаць туды запыт. Але ў выпадку з пісьмовым разглядам гэта не спрацуе: пастароннія туды не дапускаюцца. Пры гэтым пасяджэнне не лічыцца закрытым. 

— Ёсць паняцце закрытага пасяджэння, калі разглядаюцца пытанні, датычныя дзяржаўных сакрэтаў ці іншыя пытанні, якія прадугледжваюць закрыццё, невыдаванне інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам. У дадзеным выпадку гаворка не ідзе пра гэта. Усе законы не могуць змяшчаць грыф "сакрэтна", “для службовага карыстання” ды іншыя. Таму пасяджэнне адкрытае, але ўжываецца пісьмовая форма разгляду, дзе суддзі абмяркоўваюць.

— Ну так, я хачу прыйсці паслухаць, як яны абмяркоўваюць пісьмовыя дакументы.

— Не-не-не. Ёсць паняцце “таямніца дарадчага пакоя”.

— Я не хачу слухаць, як яны раяцца. Я хачу паслухаць суддзю-дакладчыка, што ён скажа па гэтым законе. А далей няхай раяцца колькі хочуць. А потым яны ж выходзяць з дарадчага пакоя і агучваюць вердыкт, правільна? Гэта мне таксама будзе цікава паслухаць.

— Вы кажаце пра тое, як гэта ў кіно адбываецца.

— Ва ўсіх нармальных краінах так адбываецца. Чаму Канстытуцыйны Суд закрываецца ад грамадзян?

— Чаму закрываецца? Канстытуцыйны Суд працуе ў адпаведнасці з законам аб канстытуцыйным судаводстве.

— Пакуль што я не бачу ніякай галоснасці ў яго працы, што прадугледжана гэтым самым законам.

— Гэта ваша ацэнка. Вы маеце права даваць тую ацэнку, якую палічыце патрэбнай.

У артыкуле 11 “Выкарыстанне вуснай і пісьмовай формаў канстытуцыйнага судаводства” закона “Аб канстытуцыйным судаводстве” напісана, што разгляд спраў ажыццяўляецца з выкарыстаннем вуснай формы “за выключэннем выпадкаў, прадугледжанных гэтым Законам, калі Канстытуцыйны Суд разглядае справы з выкарыстаннем пісьмовай формы канстытуцыйнага судаводства”.

Пры гэтым далей напісана, што “пры разглядзе справы з выкарыстаннем пісьмовай формы канстытуцыйнага судаводства дапускаецца выкарыстанне элементаў вуснай формы канстытуцыйнага судаводства (удзел у судовым пасяджэнні паўнамоцных прадстаўнікоў, а згодна з рашэннем Канстытуцыйнага Суда — прадстаўнікоў іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый)”. То-бок па законе “звычайныя” грамадзяне ўсё ж могуць трапіць на такое пасяджэнне. Было б жаданне ў суддзяў.

— А як жа галоснасць? — пытаецца ў супрацоўніка Канстытуцыйнага Суда наш неабыякавы беларус.

— Ну якая галоснасць? — чуе ён у адказ. — Прысутнічае галоснасць. Вы даведаецеся пра тое, як разгледжаны закон, убачыце рашэнне Канстытуцыйнага Суда.