Вы тут

"Гэта ўжо для мяне цяжка": звольніўся яшчэ адзін лекар — з РНПЦ траўматалогіі

Сяргей Худніцкі / Еўрарадыё

— Я ўжо пенсіянер паўтара года, працаваў на пенсіі. Хацеў сысці яшчэ зімой, але дацягнуў да лета. Эмацыйна выгараў. 39 гадоў лекарам, з іх 36 гадоў загадчыкам — стаміўся, шчыра кажучы, — распавядае Еўрарадыё траўматолаг-артапед Сяргей Худніцкі. Аб яго звальненні з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі стала вядома 20 траўня. 

— На яго рахунку шмат удалых аперацый, выратаваных жыццяў і лёсаў. Дзякуючы яму былі зробленыя важныя інавацыйныя крокі ў развіцці беларускай траўматалогіі, ён аўтар некалькіх патэнтаў, — так адклікаюцца пра доктара калегі. 

Тэлеграм-канал “Белые Халаты. News” паведамляе, што Худніцкага звольнілі з прычыны "неабыякавасці да таго, што адбываецца ў Беларусі, і з прычыны сваёй грамадзянскай пазіцыі".

Мужчына распавядае Еўрарадыё, што "неабыякавасць" сапраўды ёсць. Але з палітыкай свой сыход з РНПЦ не звязвае.

— Скажу так: за ўсё сваё свядомае жыццё я ніколі за Лукашэнку не галасаваў і прадстаўніком ябацек не з'яўляюся. Але гэта звальненне звязана з маім асабістым жаданнем. Проста гэта ўжо для мяне цяжка. А яшчэ ў сувязі з тым, што шостая бальніца зачынена пад COVID, усе гэтыя пацыенты пайшлі на нас. Гэта кожны дзень у дзвюх аперацыйных, у трох — па тры разы на тыдзень, — тлумачыць лекар.

Сяргей Худніцкі з калегамі / ortoped.by

Сяргей Худніцкі ўзначаліў аддзяленне вострай і ўскладненай траўмы ў 1983 годзе. Ён кажа, што праблемы існуюць у кожнай арганізацыі, у тым ліку і ў РНПЦ. Адна з такіх праблем — фінансаванне навукі.

— У нас некаторыя навуковыя супрацоўнікі з пачатку года перайшлі на стаўкі лекараў, таму што ў навуцы праблемы з фінансаваннем. Праз Мінфін і іншыя ведамствы зацвярджаюцца навуковыя праграмы, і потым з гэтых грошай атрымліваюць зарплаты. Ёсць такая праблема, але кажуць, што ў пачатку чэрвеня павінна ўсё пайсці на лад.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.