Гэта грабеж: з рахункаў навучальных устаноў спісваюць грошы за падпіску на СМІ?

Якія выданні выпісваць, вырашае ўпраўленне адукацыі
Якія выданні выпісваць, вырашае ўпраўленне адукацыі

Рэдакцыя Еўрарадыё атрымала інфармацыю пра тое, што ўстановы адукацыі ў Барысаўскім раёне абавязваюць афармляць ведамасную падпіску на дзяржСМІ. Калі раней дырэктары гэтых устаноў атрымлівалі заданні па падпісцы, то цяпер грошы проста спісваюцца з рахункаў школ і дзіцячых садкоў, паведамляе крыніца Еўрарадыё.

Мы звярнуліся ў некаторыя навучальныя ўстановы Барысаўскага раёна і ўпраўленні па адукацыі, каб даведацца, ці так гэта.
 

"Усё вырашылі без нас, чэкі ўжо былі раздрукаваныя"

Дырэктар адной з устаноў адукацыі ў Барысаўскім раёне кажа, што ўпору на ведамасную падпіску не было да канца 2020 года. А ад індывідуальнай яна адрозніваецца тым, што каштуе амаль у тры разы даражэй, хоць газеты тыя самыя.

— Для прыкладу, індывідуальная падпіска на "Рэспубліку" каштуе 12 рублёў у месяц, а ведамасная — 32 рублі.

“Это грабёж”: со счетов учебных заведений списывают деньги за подписку на СМИ?
Навучальныя ўстановы павінны знайсці грошы на падпіску ў сезон рамонтаў / Еўрарадыё

Суразмоўца адзначае, што ўсе школы даюць справаздачу аб падпісцы. Для гэтага ўпраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама стварыла гугл-табліцу, куды дырэктары павінны ўносіць звесткі.

— Мы выпісвалі газеты індывідуальна. Пра ведамасную падпіску нават не чулі. У табліцы можна бачыць звесткі па іншых арганізацыях. Па ведамаснай падпісцы ва ўсіх былі нулі, — адзначае суразмоўца. — Тады нам аб'яўляюць, што ў панядзелак усе дырэктары ўстаноў павінны быць ва ўпраўленні па адукацыі з пячаткай.

Па словах дырэктара, усе чэкі ўжо былі раздрукаваныя, заставалася толькі паставіць пячатку.

— Без нас усё вырашылі. Ужо грошы знялі за падпіску. Атрымліваецца нейкі грабеж. Па-іншаму не назавеш.

Сумы падпісак былі розныя. У залежнасці ад таго, наколькі ўстанова адукацыі вялікая. У невялікіх школ маглі быць сумы па 250 рублёў, буйнейшым даставаліся чэкі на 350-400 рублёў, працягвае суразмоўца.

“Это грабёж”: со счетов учебных заведений списывают деньги за подписку на СМИ?
Улетку газеты будуць прыходзіць у пустыя школы

— Усяго было пяць газет. Дакладна "Мінская праўда" і "Рэспубліка". Усе пачалі абурацца. Гэта ж грошы з рахунку школы, якія яна можа зарабіць за кошт платных паслуг або макулатуры. Іх мы можам траціць на патрэбы школы. Аказалася, што нам трэба выпісаць газеты. Хто летам у школе будзе іх чытаць?

Пры гэтым застаецца доўгі спіс газет, якія дырэктарам, настаўнікам і выхавальнікам трэба выпісаць індывідуальна: "Мінская праўда", "Рэспубліка", "Адзінства", "7 дней", "Образование Минщины", "Звязда", "Знамя юности", "Юный спасатель", "СБ. Беларусь сегодня" і яшчэ некалькі, расказвае дырэктар.
 

"Знойдзем, дзе ў вас не ўсё добра"

На абурэнне ва ўпраўленні адукацыі адказалі, што работнікі дзяржустаноў павінны чытаць дзяржвыданні, перадае суразмоўца.

— Сказалі: "Калі вы не паставіце пячатку, мы знойдзем, дзе ў вас не ўсё добра. І ўвогуле паставім пячатку ўпраўлення, і ўсё нармальна будзе".

У некаторых навучальных устаноў грошай на рахунках не было зусім. Ім падпіску афармлялі ў доўг за кошт іншых.

“Это грабёж”: со счетов учебных заведений списывают деньги за подписку на СМИ?
Некаторыя навучальныя ўстановы могуць зарабіць толькі на макулатуры / Еўрарадыё

— Замест нуля з'яўляецца на рахунку мінус. Калі школа не аказвае платных паслуг, а зарабляе, напрыклад, толькі макулатурай, то дзе ўзяць гэтыя грошы, нікога не хвалюе.
 

"Не ведаю, адкуль такая інфармацыя пайшла"

Спрабуем пагаварыць з іншымі кіраўнікамі школ і дзіцячых садкоў. У ДУА "Майсееўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа Барысаўскага раёна" ў прыёмнай адказваюць, што дырэктар у адпачынку, а выканаўца абавязкаў дырэктара такой інфармацыяй не валодае.

Тэлефануем дырэктару Вяляціцкай сярэдняй школы Антону Гульневу.

— Не, да маёй школы такога не дайшло, — адказвае Антон Сяргеевіч.

Пасля званка трэцяму дырэктару крыніца Еўрарадыё паведамляе, што ўпраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама ўжо рэагуе на нашу працу.

— Паважаныя калегі. Нагадваю вам пра існаванне акрэдытаваных і неакрэдытаваных СМІ і пра правілы зносін з іх прадстаўнікамі. Тым больш даваць каментары па тэлефоне, калі вы не бачыце, з кім гаворыце, — гэта не зусім правільна, — піша прадстаўнік упраўлення ў чат з дырэктарамі.

“Это грабёж”: со счетов учебных заведений списывают деньги за подписку на СМИ?
Дырэктарам даюць настаўленні наконт супрацоўніцтва са СМІ / Еўрарадыё

Мы не здаёмся і спадзяёмся атрымаць каментар у самім упраўленні. Там адказваюць, што інфармацыя пра спісанне грошай з рахункаў школ не адпавядае рэчаіснасці:

— Нават не разумею, адкуль гэта пайшло. Ведамасная падпіска ў нас заўсёды афармлялася і будзе афармляцца. Людзі чытаюць газеты.

У галоўным упраўленні па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта адразаюць:

— У нас такой інфармацыі няма.

Спрабуем звязацца яшчэ з некалькімі ўстановамі пасля таго, як барысаўскае ўпраўленне адукацыі паведаміла ім, як працаваць са СМІ.

— Не, шчыра, не ведаю. Першы раз ад вас такое чую, — кажа дырэктар "Беларускамоўнай гімназіі №2 горада Барысава" Анатоль Забароўскі.

— Не, — працягвае, быццам прызадумаўшыся, загадчыца Вяляціцкага дзіцячага садка Барысаўскага раёна Наталля Іванец. — Прабачце, не магу размаўляць, не.
 

"Я, атрымліваецца, вінцік, які можна выкінуць"

У той жа час наш першы суразмоўца кажа, што прынудзілаўка датычыцца не толькі газет, але яшчэ і вакцынацыі ад COVID-19.

“Это грабёж”: со счетов учебных заведений списывают деньги за подписку на СМИ?
За нізкія паказчыкі па вакцынацыі дырэктараў могуць пазбаўляць прэмій / Reuters

— Кожны тыдзень зноў жа запаўняецца гугл-табліца: колькі работнікаў, колькі прышчэплена, колькі жадаюць прышчапіцца і ў колькіх ёсць супрацьпаказанні, пацверджаныя медыцынскімі дакументамі. Як я магу прымусіць чалавека прышчапіцца, калі гэта яго здароўе? — бядуе суразмоўца.

За нізкія паказчыкі па вакцынацыі дырэктараў навучальных устаноў пазбаўляюць прэмій, кажа наш інфарматар.

— Кожны тыдзень нас збіраюць і кажуць: "Рабіце што хочаце. Значыць, вы дрэнны кіраўнік, калі вы не можаце папрацаваць з калектывам". Зноў жа пагрозы такія: "Калі вам нешта не падабаецца — звальняйцеся. На ваша месца чарга стаіць". Я, атрымліваецца, ніхто. Я вінцік, які можна выкруціць і выкінуць. Я не чалавек, не спецыяліст, наогул ніхто. Такое стаўленне, вядома, крыўднейшае за ўсё, — робіць выснову кіраўнік адной з навучальных устаноў у Барысаўскім раёне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі