Вы тут

Герой мема пра памідоры са смятанай распавёў аб затрыманні і сутках на Акрэсціна

Анатоль Шалковіч / facebook.com

Памідоры са смятанай пасля выхаду на волю мянчук Анатоль Шалковіч яшчэ не еў. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю блогу "Отражение".

Мужчына стаў вядомым дзякуючы "пакаяльнаму відэа", дзе тлумачыў, чаму яму імпануе бел-чырвона-белы сцяг. У кадры мужчына распавядаў, што яму заўсёды падабалася  "спалучэнне белага і чырвонага колераў. У мяне жонка рудая, а яшчэ я люблю памідоры са смятанай".

Вызваленне ён адзначыў іншай стравай. Кажа, на Акрэсціна вельмі хацелася марожанага з каньяком: "Калі сядзеў у камеры, казаў хлопцам: "Выйду, куплю вялікі кулек марожанага, зраблю ў ім дзірачку, трохі ад'ем, налью туды каньяку і буду "сёрбаць".

Стваральнікі блога спыталі Анатоля Міхайлавіча пра затрыманне. У той дзень (11 лістапада) у яго быў дзень нараджэння, яму споўнілася 65 гадоў. Калі ўбачыў перад сабой чалавека са стрэльбай і шчытом, кажа, здзівіўся і ўсміхнуўся.

"Ён ідзе на мяне і паволі кажа: "Рукі ўверх, рукі ўверх". У той момант я падумаў: Вось і за мной прыйшлі", —  успамінае Анатоль Шалковіч. Паводле яго слоў, самаробныя сцягі з спанбонда з чырвонай паласой пасярэдзіне паказаў сілавікам сам — сцягі як раз "сушыліся" ў яго падвале.

Анатоль Шалковіч падчас запісу "лакальнага відэа" / скрыншот

У РУУС у Шалковіча спыталі: "Навошта табе гэта?". Ён адказаў: "Падабаюцца мне сцягі, што ж тут зробіш". Знакамітае відэа было запісана яшчэ ў РУУС.

Першыя 15 сутак правёў, як кажа, у "vip-камеры". Тут былі матрацы, коўдры і шэсць месцаў на шэсць чалавек. Астатнія 45 сутак — з "палітычнымі".

"Умовы там былі горш, але сядзець весялей", —  успамінае ён. У іх чатырохмеснай камеры часамі было да 16 чалавек. Пасцельнай бялізны не было, спалі на падлозе.

"На самой справе, шмат людзей, гэта нават добра. Кожны чалавек — гэта 36,6 °C, і калі людзей 16, атрымліваецца нармальнае, добра ацяплянае памяшканне, дзе можна сядзець у майцы і шортах. А ўжо калі затрыманых сямёра, то ўначы становіцца холадна", — распавядае Анатоль Шалковіч.

У гэтай камеры не дазвалялі кнігі. Можна было размаўляць і спяваць.

"Наогул, са мной сядзелі добрыя людзі. Быў з намі выкладчык вну, які ведае англійскую, нямецкую і шведскую і кучу іншых моў, бізнэсмэн Сярожа, які распавядаў рэцэпты. Мы яго заўсёды прасілі: толькі не перад вячэрай, а то сліна бегчы пачынае", — успамінае мужчына.

У РУУС яго адразу папярэдзіў, што будзе чатыры пратаколы. Гаворыць, на такі тэрмін сябе і настройваў, хоць разумеў, што пратакол заўсёды могуць і дадаць.

Калі яго пераводзілі ў другую камеру, "пакаяльнае відэа " ўжо выйшла. Таму новыя сукамернікі ўжо сустракалі яго пытаннем: "Ты любіш памідоры са смятанай".

"Я пацікавіўся, адкуль яны ведаюць. "Так пра цябе ж усе ведаюць", — адказалі яны і распавялі пра ролік", — з усмешкай кажа Анатоль Шалковіч. А любімы салат, кажа, у яго меню яшчэ будзе.

"У мяне ёсць любімыя цешча і цесць. Хутка з жонкай да іх паедзем, мабыць, там і будзе сапраўднае свята з патрэбным салатам", — кажа мужчына.

Увогуле Анатоль Шалковіч правёў на Акрэсціна пад арыштам 60 дзён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.