Вы тут

Генпракуратура Украіны прыпыніла расследаванне па справе Саакашвілі

Фота: 24tv.ua

Грамадскае

Генеральная пракуратура Украіны прыпыніла крымінальную вытворчасць па справе пра "грошы Курчэнкі" ў дачыненні да лідара партыі "Рух новых сіл" Міхаіла Саакашвілі.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар ГПУ Андрэй Лысенка.

Ён паведаміў, што 6 сакавіка ГПУ накіравала запыт Нідэрландам пра аказанне міжнароднай прававой дапамогі для выканання працэсуальных і следчых дзеянняў з удзелам Саакашвілі.

"У сувязі з чым дадзеная крымінальная вытворчасць прыпыненая на падставе п.3 ч.1 арт.280 КПК Украіны, з мэтай эканоміі працягласці працэсуальных тэрмінаў дасудовага расследавання да атрымання вынікаў міжнароднай прававой дапамогі", — заявіў Лысенка.

Раней адвакат Саакашвілі Руслан Чарналуцкі паведаміў, што ГПУ спыніла расследаванне адной са справаў па Саакашвілі.

Знаходзячыся ва Украіне, Саакашвілі фігураваў у трох крымінальных справах, якія расследуюць украінскія праваахоўнікі.

Першая справа была звязаная з арганізацыяй акцый пратэсту і так званымі "грашыма Курчэнкі". Непасрэдна па гэтай справе яго і дапытвалі ў СБУ.

12 лютага Саакашвілі затрымалі ў Кіеве. Пасля памежнікі паведамілі, што яго вярнулі ў краіну папярэдняга знаходжання, гэта значыць у Польшчу. Праз два дні палітык заявіў аб атрыманні пасведчання асобы ў Нідэрландах.

Пасля экс-прэзідэнту Грузіі забаранілі ўезд ва Украіну на 3 гады — да 13 лютага 2021 года.