Генпракуратура Беларусі пачала крымінальныя справы на ўкраінскага дэпутата

Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальныя справы ў дачыненні дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Аляксея Ганчарэнкі. Паведамляецца, што яму "інкрымінаваныя пагроза гвалтам" у дачыненні Аляксандра Лукашэнкі і "дыскрэдытацыя нашай краіны".

Генпракуратура РБ адрэагавала на каментар украінскага палітыка з нагоды віншавання Лукашэнкам украінскага народу з Днём незалежнасці Украіны (ва Украіне віншаванне назвалі цынічным).

"Лукашэнка будзе вісець на слупе ў наступны ўкраінскі Дзень Незалежнасці, напісаў Ганчарэнка ў Telegram. — А беларускі народ будзе свабодным і будзе жыць у дэмакратычнай дзяржаве!"

У Мінску ў гэтых словах пабачылі "пагрозу ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі", а таксама "ілжывыя звесткі аб палітычным і сацыяльным становішчы ў Беларусі". Гэта значыць, што, па версіі Генпракуратуры РБ, беларускі народ свабодны і ўжо цяпер жыве ў дэмакратычнай дзяржаве.

Украінскі дэпутат ужо пракаментаваў згаданыя крымінальныя справы.

Раней на словы Аляксея Ганчарэнкі нервова адрэагавалі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Некалькі месяцаў таму Ганчарэнка быў у эфіры Еўрарадыё (на відэа).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.