Падаляк — пра Лукашэнку: цынізм яго зразумелы, празрысты і юрыдычна зафіксаваны

Падаляк — пра Лукашэнку: цынізм яго зразумелы, празрысты і юрыдычна зафіксаваны

Афіцыйны Кіеў пасля перамогі плануе дэталёва абмеркаваць усе аспекты адценняў "мірнага неба над Украінай" з прадстаўнікамі цяперашняй беларускай улады. Так дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк адрэагаваў на віншаванне Аляксандра Лукашэнкі, якое той даслаў украінцам у Дзень незалежнасці.

"Мяркую, што спадар Лукашэнка сур'ёзна лічыць, што свет не фіксуе прама саўдзелу яго палітычнай групы ў наўмысных злачынствах супраць Украіны. І таму працягвае ладзіць публічную клаўнаду. Учора актыўна распавядаў, што за тры-чатыры дні ўсё скончыцца і непаслухмяных украінцаў выражуць, а сёння, у лепшых традыцыях цынікаў, робіць Украіне "мірнага неба", адпраўляючы з уласных аэрадромаў тоны смяротных снарадаў для атакі на мірныя ўкраінскія гарады", — прыводзіць zerkalo.io словы Падаляка.

Каментуючы віншаванне Лукашэнкі, прадстаўнік Украіны заявіў: "Цынізм яго зразумелы, празрысты і юрыдычна зафіксаваны".

Падаляк нагадаў, што Лукашэнка не толькі прадаставіў тэрыторыю Беларусі для расійскага войска, якое забівае ўкраінцаў. Таксама беларускія ўлады пастаўляюць запчасткі для вайсковай тэхнікі і боезапасы. 

"Юрыдычна ўсё, што робіць спадар Лукашэнка, абсалютна дакладна і канкрэтна прапісана крывёю ўкраінцаў. Таму проста неабходна дачакацца правільнага фіналу вайны, краху расійскай крывавай імперыі, каб дэталёва абмеркаваць усе аспекты адценняў "мірнага неба над Украінай“ з прадстаўнікамі цяперашняй беларускай адміністрацыі", — заявіў Падаляк.

Як распавядала Еўрарадыё, віншуючы Украіну з Днём незалежнасці, Лукашэнка пажадаў ёй "мірнага неба", а саўдзел афіцыйнага Мінска ў агрэсіі супраць Украіны назваў "супярэчнасцямі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі