Генеральнага пракурора папрасілі рэабілітаваць Ларысу Геніюш

Грамадскі аргкамітэт па ўвекавечанні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі Хельсінскі камітэт накіравалі генеральнаму пракурору Беларусі Пятру Міклашэвічу прадстаўленне аб рэабілітацыі паэткі Ларысы Геніюш. Дакумент падпісалі больш за 70 прадстаўнікоў беларускай грамадскасці, у тым ліку акадэмік Радзім Гарэцкі, гісторык Ігар Кузняцоў, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, пісьменнікі Алесь Пашкевіч і Васіль Якавенка, праваабаронцы Таццяна Процька і Гары Паганяйла.

У 1948 годзе Ларыса Геніюш паводле загада з Масквы была рэпатрыявана з Прагі, дзе яна мела чэхаславацкае грамадзянства. Яе арыштавалі і асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі за "дапамогу міжнароднай буржуазіі і ажыццяўленне варожай дзейнасці супраць СССР" і "контррэвалюцыйную дзейнасць. Паэтка выйшла на волю толькі 1 ліпеня 1956 года, аднак несправядлівы прысуд ёй так і не быў адменены.

Паводле матываў аўтабіяграфічнай кнігі Геніюш "Споведзь" на кінастудыі "Беларусьфільм" быў зняты мастацкі фільм "Птушкі без гнёздаў", пастаўлены спектакль "Белы сон". На кінастудыі "Летапіс" пра паэтку быў створаны дакументальны фільм "Вянок цярновы васількоў". У райцэнтрах Зэльва і Старыя Дарогі ўзведзены помнікі Геніюш.

Як зазначыў Гары Паганяйла, па пытанні рэабілітацыі паэткі БХК раней двойчы безвынікова звяртаўся ў праваахоўныя органы краіны.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі