Генерал Пётр Павел стане новым прэзідэнтам Чэхіі. Па папярэдніх выніках ён набраў на выбарах 57,6% галасоў, піша ВВС.
Яго супернікам на выбарах быў экс-прэм'ер Чэхіі Андрэй Бабіш. Ён ужо прызнаў сваю паразу ў другім туры.
Павел — перакананы прыхільнік НАТО і Еўрасаюза. Віншуючы Паўла з перамогай на выбарах, старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен сказала, што вітае яго “цвёрдую прыхільнасць еўрапейскім каштоўнасцям”.
Павел выступае за далейшую вайсковую дапамогу Украіне. Яго апанентам на выбарах быў экс-прэм'ер Чэхіі Андрэй Бабіш. Напачатку тыдня ён заявіў, што не выканаў бы абавязання краіны па абароне іншай краіны НАТО ў выпадку нападу.
“Я хачу міру, я не хачу вайны. Ні ў якім разе я б не адправіў нашых дзяцей ці дзяцей нашых жанчын на вайну”, — сказаў Бабіш.
Другі тэрмін дзейнага прэзідэнта Мілаша Земана сканчаецца ў сакавіку гэтага года. ВВС адзначае, што пасада прэзідэнта ў Чэхіі галоўным чынам цырыманіяльная, аднак у яго ёсць і рэальныя паўнамоцтвы. Прэзідэнты абіраюць прэм'ер-міністраў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў, а таксама маюць права голасу ў знешняй палітыцы.