Гайдукевіч падчас тэлевыступу на БТ: "Жыве Беларусь!" (відэа)

Гайдукевіч падчас тэлевыступу на БТ: "Жыве Беларусь!" (відэа)

Кандыдат у прэзідэнты, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч першым з чатырох удзельнікаў кампаніі выступіў на дзяржаўным тэлебачанні з 30-хвілінным зваротам. Пачаў палітык з прамовы пра суверэнітэт краіны, які назваў галоўным дасягненнем. І пачаў крытыкаваць іншую апазіцыю.

"Я ніколі не паклічу на плошчу, бо даражу спакоем і мірам. Я ведаю, якую цану заплацілі нашы продкі, каб мы жылі мірна. Імгненнае паляпшэнне існавання ― гэта хлусня. Я зраблю ўсё, ахвярую ўсім, каб гэтага не было. Я адкрыты да дыялогу з існуючай уладай. Клопат пра Радзіму ― наша асноўная мэта".

Пакрытыкаваў і ўладу. Што праўда, урад і дробных чыноўнікаў

"Ёсць моцныя органы ўлады, але прабеларуская пазіцыя не гучыць нармальна. Мы бачым, што робіць улада, усё станоўчае, але і бачым шмат промахаў. Маленькая ўвага да людзей. Расце прорва паміж чыноўнікамі і людзьмі... Вытворчасць працуе на забіўку складоў. Колькі гаварылася пра мадэрнізацыю, але ў галовах кіраўнікоў усё па-старому. На месцах ідуць проста бадзёрыя справаздачы. Увесь урад ведаў, што ідзе крызіс. Міністр, калі мае дзясяткі людзей у падпарадкаванні, мусіць ведаць стан рэчаў не горш за кіраўніка завода. Міністр ― гэта менеджар, ён мусіць быць у полі, на заводзе. Ён мусіць прадбачыць. Калі не ведаем, куды прадаць прадукцыю, вінаваты міністр. У міністры мусяць прыйсці людзі, якія могуць мысліць творча".

Пагрозу незалежнасці Гайдукевіч бачыць унутры краіны:

"У гэтым годзе перад пачаткам уступнай кампаніі ўхапіліся за лозунгі незалежнасці. Нехта кажа пра пагрозы ці то з Расіі, ці то з Захаду. Пагроза можа ісці толькі знутры Беларусі. Уладзе трэба разумець, што складана дамагчыся адзінства народа, калі падаюць даходы. Патрэбныя рэформы, а не паўмеры... Трэба павышаць узровень гарантый для інвалідаў і дзяцей. Трэба ўвесь час думаць пра пенсіянераў. Галоўная задача ― пераход да эканамічнага росту. Трэба паэтапнае павелічэнне выдаткаў дзяржавы на навуку. Трэба скараціць уцечку розуму і пачаць выплату стыпендыяў для маладых навукоўцаў".

І агучыў асноўныя тэзісы сваёй праграмы:

"Для мяне галоўнае — аб'ядноўваць людзей. Лічу неабходным правесці парламенцкія выбары па змешанай мажарытарнай сістэме. Трэба зрабіць з чыноўнікаў дзяржаўнікаў, а не клеркаў. Дзяржаўнік усведамляе сваю адказнасць. Мы вітаем плюралізм і выступаем за палітычную канкурэнцыю. У любых саюзах мы мусім адстойваць інтарэсы Беларусі".

Свой выступ Гайдукевіч скончыў даволі нечакана, змяшаўшы лозунгі ўладаў і апазіцыі.

"Дарагія мае, за моцную, суверэнную, дэмакратычную Беларусь. За мірнае неба над нашай Радзімай! Жыве Беларусь!"

Фота: tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі