Гародніна і хлеб падаражэюць

Мінсельгасхарчу ініцыявала новае падвышэнне закупачных цэнаў. Гэтым разам на прадукцыю раслінаводcтва і адразу на 50%. Міністэрства эканомікі пагаджаецца на 20%. Адпаведны дакумент з прапановай павысіць закупачныя цэны на прадукцыю раслінаводcтва на 50% Мінсельгасхарчу даслала на разгляд у Міністэрства эканомікі. Па словах намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Паўлоўскага, Мінэканомікі палічыла мэтазгодным падняць закупачныя цэны толькі на 20%. Неабходнасць павышэння цэнаў абгрунтоўваецца, як і ў выпадку з цэнамі на прадукцыю жывёлагадоўлі, апераджальным ростам закупачных цэнаў у суседніх краінах, а таксама ростам вытворчых выдаткаў. Паводле намесніка міністра, розніца складае 1,5—2 разы. Варта нагадаць, што папярэднюю просьбу Мінсельгасхарчу пра павышэнне закупачных і найвышэйшых адпускных цэнаў на гатовую прадукцыю жывёлагадоўлі Міністэрства эканомікі падтрымала. З 25 лютага павышаныя закупачныя цэны: на малако на 10%, ялавічыну і свініну — на 5%, тлустую свініну — на 3%. Найвышэйшыя адпускныя цэны на гатовую прадукцыю будуць расці на 1,5—2% штомесяц.

Па словах намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Савельева, гэтая мера дапаможа толькі часткова кампенсаваць выдаткі жывёлагадоўчай галіны: у выніку росту закупачных і рознічных цэнаў цягам году дадатковы прыбытак складзе каля Br310 млрд пры агульным дэфіцыце сродкаў на развіццё АПК звыш Br1,1 трлн. Звязана гэта з ростам цэнаў на паліва, тэхніку і мінэральныя ўгнаенні.

Нягледзячы на шчодрае фінансаванне сельскай гаспадаркі, вытворчасць у гэтай галіне на 70% стратная, прызнаў на паседжанні Савету міністраў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандар Папкоў.

Наша Ніва

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі