Вы тут

Гараджанам давядзецца чакаць "хуткую" ад паўгадзіны да 1 гадзіны 15 хвілінаў

БЕЛТА

У Беларусі падрыхтаваная пастанова, якая змяняе прыярытэтныя выклікі хуткай медыцынскай дапамогі і ўводзіць панятак "час чакання". Пра гэта паведаміў галоўны лекар Гарадской станцыі хуткай меддапамогі Аляксандр Жынко, перадае БЕЛТА.

Па яго словах, пакуль што дзейнічае пастанова №110 ад 12 кастрычніка 2009 года. У ёй ёсць тры прыярытэты: экстранныя, тэрміновыя і неадкладныя выпадкі. У новай пастанове будуць толькі два прыярытэты — экстраныя і неадкладныя выклікі. 

Паводле цяперашніх нормаў, час перадачы экстранага выкліку (ДТЗ, пажары, іншыя надзвычайныя сітуацыі з пацярпелымі, атручванне хімпрэпаратамі) ад дыспетчара да свабоднай брыгады хуткай — не пазней як 4 хвіліны з моманту рэгістрацыі.

"Дыспетчар прымае выклік, які аўтаматычна паступае на падстанцыю адпаведнай тэрыторыі абслугоўвання. Час даезду да месца выкліку па горадзе — не пазней за 15 хвілін. У суме атрымліваецца 19 хвілін. А ў новай рэдакцыі пастановы будзе 20 хвілін — гэта так званы час чакання з моманту выкліку да прыбыцця. Так, як у нашых суседзяў. У сельскай мясцовасці час на даезд — паўгадзіны", — удакладніў Жынко.

Тэрміновы выклік павінны перадаць ад дыспетчара на падстанцыю "хуткай" не пазней за 15 хвілін, неадкладны — не пазней за гадзіну. Калі дадаць час прыбыцця (15 хвілінаў), дык атрымаецца, што ад званка ў хуткую да яе прыезду на месца павінна прайсці не больш за паўгадзіны або 1 гадзіну і 15 хвілінаў адпаведна.