Гамельчука асудзілі за заклікі ўступаць у полк Каліноўскага

Суд / БЕЛТА

Гомельскі абласны суд асудзіў жыхара Гомеля, абвінавачанага ў вярбоўцы беларусаў для ўдзелу ў канфлікце ва Украіне, перадае БЕЛТА.

"Абвінавачаны Я. размяшчаў у Instagram публікацыі, накіраваныя на схіленне да ўдзелу ва ўзброеных фармаваннях "батальён імя Кастуся Каліноўскага", "Азоў" і іншых фармаваннях Узброеных Сіл Украіны і фінансавання гэтай дзейнасці. Ён жа перавёў грашовыя сродкі на рахунак, прызначаны для фінансавання "батальёна імя Кастуся Каліноўскага", — гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага інфармагенцтва.

Разам з Я. па справе праходзіў яго прыяцель П., з якім яны ў сакавіку 2022-га зрабілі шэраг графіці на будынках Гомелья. Маёмасную шкоду ацанілі ў 131 рубель 59 капеек.

Першага гамельчука прызналі вінаватым у фінансаванні ды іншым матэрыяльным забеспячэнні дзейнасці па вярбоўцы, навучанні, падрыхтоўцы і выкарыстанні беларусаў для ўдзелу ва ўзброеным фарміраванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Акрамя таго, абодвух прыяцеляў прызналі вінаватымі ў апаганьванні будынкаў і псаванні маёмасці.

Абвінавачанага Я. асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, П. — на 1 год 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.