Галоўны доктар Смаргонскай ЦРБ пацвердзіў успышку COVID-19 у сваім рэгіёне

Смаргонская цэнтральная раённая бальніца / TUT.by
Смаргонская цэнтральная раённая бальніца / TUT.by

Галоўны доктар Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы Віталь Круповіч пацвердзіў, што з траўня ў рэгіёне адбыўся ўздым захваральнасці на каранавірусную інфекцыю і пнеўманію. Апошнім разам інфармацыя пра колькасць хворых на COVID-19 у Смаргонскім раёне была агучаная 30 красавіка — тады іх было 42 чалавекі:

"З пачатку траўня ў раёне ўздым захваральнасці на каранавірусную інфекцыю і пнеўманію. Яшчэ за некалькі месяцаў да развіцця гэтай сітуацыі ў нас былі планы па перапрафіляванні ложкавага фонду, каб аказваць дапамогу інфекцыйным пацыентам. Было праведзена занаванне бальніцы, падзел на зоны, падзел патокаў пацыентаў і медыцынскіх работнікаў. Створаны запас медыкаментаў, антысептыкаў і сродкаў дэзынфекцыі. Падключаны і ўведзены ў эксплуатацыю дадатковыя пункты падачы кіслароду", — расказаў Віталь Круповіч у эфіры тэлеканала "Беларусь 4".

Колькасць выяўленых выпадкаў каранавіруса ў Смаргонскім раёне падчас праграмы таксама не агучылі. Аднак, па словах галоўнага доктара Смаргонскай ЦРБ, на сёння ў іх свабодна каля 30% ложкавага фонду:

"Мы спраўляемся з гэтай сітуацыяй. У плане шпіталізацыі праблем няма. На амбулаторным этапе ў паліклініцы створаны брыгады для аказання меддапамогі пацыентам, хворым на COVID, якія лечацца дома ў бессімптомнай або лёгкай форме. Выдзелены дадатковы транспарт для гэтых брыгад".

Ужо больш за месяц Мінздароўя не агучвае рэгіянальнай статыстыкі па COVID-19. Апошні раз яна была апублікавана 24 красавіка, тады ў Гродзенскай вобласці было 347 выяўленых выпадкаў каранавіруса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі