Galapagai 2013: Востраў чужой свабоды (+фота)

Востраў Зарасай у аднайменным мястэчку, якое па-беларуску называецца Езяросы, нібыта створаны для фэстаў. На яго вядзе адзіны мост, праз які складана праскочыць безбілетніку. Галоўная сцэна стаіць ля пагорка, які ўтварае натуральны амфітэатр. Навокал — лес, які адлюстроўвае і паглынае гучную музыку. А некалькі пляжаў і шмат сходаў да вады матывуюць “не быць скотам”.


Шмат што на Galapagai робіцца з розумам. Напрыклад, раніцай другога фестывальнага дня адзін са спонсараў раздае шампунь. Ён вельмі да месца!

 


Большасць забаваў на фэсце двухдзённыя. У першы дзень выйграеш права на тое, каб назаўтра, выконваючы іншыя заданні і атрымаць прыз.

За парадкам на фестывалі сочаць супрацоўнікі прыватнага ахоўнага агенцтва. Паліцыі на востраве не відаць, яна ахоўвае горад. На набярэжнай машыны з мігалкамі з’яўляюцца кожныя пяць хвілін. Але тэрыторыя фэсту для іх — табу.


За два дні фэста ніводзін літоўскі/латвійскі гурт не спяваў па-руску. Рускую мову тут разумее амаль кожны. Але мы цяпер не ўзяліся б сцвярджаць, што ў Прыбалтыцы ўвогуле засталіся рускамоўныя музыкі.

Дарэчы, тут жа стартуе продаж квіткоў на Galapagai 2014. Набыць іх за год да наступнага фэсту можна за 50 літаў — больш чым удвая танней за квіткі на сёлетні фестываль.

Столькі ж каштуе майка з лагатыпам фестывалю. Гэта вельмі дорага: за такія грошы можна накарміць пяць чалавек ці замовіць восем куфаляў піва. Але гледачы ахвотна разбіраюць сувеніры.

На беларускіх музычных фэстах алкаголь не прадаюць. Еўрарадыё прыгадвае два мінскія выключэнні за лета, дзе гандлявалі півам (“Мост”) і не толькі (“I Need”).

На польскіх оўпэн-эйрах піва прадаюць па перыметры фестывальнай зоны. Але да сцэн з алкаголем падыйсці нельга  — даводзіцца дапіваць на падыходах.

На Galapagai харчовыя намёты і галоўная сцэна месцяцца ў адной active zone. Тут жа альпінісцкая сцяна, слалам на ровары-тандэме, гіганцкія шахматы, скачкі з шасці- і дзевяцімятровай вышкі і іншая забавы.

У намётавае мястэчка можна нават занесці па два літры піва і па літры віна на чалавека. Адзіная забарона — шкляныя бутэлькі. Ахова вяла спрабуе пакінуць “знешні” алкаголь на ўваходзе. Але мы кажам, што мы музыкі, і застаемся пры сваіх.

Дарэчы, намёты можна ставіць паўсюль, акрамя актыўнай зоны. Тут гэта бясплатна.

Публіка на 90% — моладзь. Музыка адпаведная: рок, рэп, метал, drum’n’bass, рэйв. Заўважна, што амаль усе гурты карыстаюцца сэмпламі. Класічнае “жывое” выкананне ў тры гітары ды бубны відавочна вычарпала сябе.

Шмат хто з мясцовых музыкаў нагадвае беларусаў. Напрыклад, Antis — гэта папсовы Pomidor/OFF. Clawfinger — як Neuro Dubel, толькі з чытанкамі. Фронтмэн шведскага гурта вельмі нагадвае Аляксандра Кулінковіча і тварам, і целаскладам, і паводзінамі на сцэне. Стомленыя шчыльным канцэртным графікам “Ляпісы” таксама нагадваюць — саміх сябе.

Падчас сэта “Ляпісаў” над танцполам лунаюць нашы сцягі. Толькі нашы. І на Akute — толькі нашы сцягі. А на іншых гуртах — ніякіх сцягоў. Ні літоўскіх, ні латвійскіх. Выходзяць Clawfinger, а шведскіх сцягоў няма, вось да чаго даходзіць.


Зразумела, знаходзячыся ў Літве, трымаць бела-чырвона-белы сцяг бяспечна. Можна нават утульна загарнуцца ў яго — бліжэйшы аўтазак не так і далёка, але наўрад ці ў яго кіроўцы ёсць шэнгенская віза. Так што можна ўсім нагадаць, як мы любім Бацькаўшчыну і як мы ганарымся ёю.

Але чаму астатнія наведвальнікі фэста лічаць за норму не дэманстраваць нікому ніякага гонару?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі