Галандцы прыраўнялі цукар да наркотыку і прапануюць кантраляваць яго продаж

Пол ван дэр Вэльпен, які адказвае за ахову здароўя ў Амстэрдаме, прапануе жорстка кантраляваць продаж і спажыванне цукру, які ён называе “самым небяспечным наркотыкам усіх часоў”.

“Таксама, як і алкаголь альбо тытунь, цукар фактычна з’яўляецца наркотыкам. Спажыванне цукру не трэба падтрымліваць. І спажыўцы павінны быць праінфармаваны наконт небяспекі”, — напісаў чыноўнік на афіцыйнай старонцы сэрвісу аховы здароўя.

Калі ўжо пра цукровую небяспеку загаварылі ў Амстэрдаме — горадзе, у якім легалізаваны продаж канопляў — то справа, сапраўды, сур’ёзная. Пол ван дэр Вэльпен нават прапануе, з чаго пачаць пазбаўленне ад “цукровай залежнасці”. Па-першае, увесці адмысловы падатак, а па-другое, пазначаць цукровыя прадукты папярэджаннем аб шкодзе — як на цыгарэтах. І тлумачыць, чаму ж цукар такі шкодны:

“Тыя, хто выкарыстоўваюць цукар, хочуць есці ўсё больш і больш, нават калі яны ўжо не галодныя. Калі даць камусьці яйкі, ён хутка перастане есці. А дасі печыва ён будзе есці, хаця для яго страўніка гэта будзе ўжо хваравіта”.

Магчыма, Пол ван дэр Вэльпен узяўся за цукар у непакоі за здароўе сваіх суайчыннікаў: паводле дадзеных The Telegraph, больш за палову дарослых галандцаў, а таксама адно дзіцё ў сям’і маюць залішнюю вагу.

Брытанцы, якія лічацца “самай тлустай” нацыяй ў Заходняй Еўропе, нядаўна таксама пачалі змагацца з атлусценнем. Але тут крайнімі аказаліся супермаркеты, якія адмыслова выстаўляюць “нездаровую ежу” ля самай касы. А стомленыя пасля доўгага шопінгу брытанцы ў выніку набываюць шакаладкі і цукеркі.

Тым часам пра шкоду цукру гавораць і за акіянам — у ЗША. Напрыклад, эксперт у справе атлусцення Роберт Ластынг лічыць фруктовыя сокі… атрутай. Здаецца, мы прывыклі думаць наадварот. І зноў жа вінаваты цукар, якога ў стопрацэнтных соках зашмат. Гэтыя сокі нават больш шкодзяць здароўю, чым газіроўка.

The Telegraph апісвае выпадкі, з якімі сустрэўся падчас даследаванняў Роберт Ластынг:

“Адзін васьмігадовы хлопчык мае высокі крывяны ціск, бо ў яго звычка тры разы на дзень піць сок. Шасцігадовы хлопчык, выхадзец з Лацінскай Амерыкі, прыходзіць у клініку з вагой 100 фунтаў (амаль 46 кілаграмаў. заўв. Еўрарадыё), ён большы ў шырыню, чым у вышыню. Яго маці, бедная сялянка, дазваляла яму піць галон (каля 3,8 літра) соку ў дзень, бо карысталася праграмай урада, якая бясплатна давала сок”.

Няма чаму радавацца і аматарам так званых смузі — яны не нашмат лепшыя за натуральныя сокі. А ўвогуле замест стопрацэнтнага яблычнага соку The Telegraph раіць з’есці яблык, які добра “збалансаваны валакном” і дазваляе печані нармальна засвойваць тое, што ў яе паступае.

Фота: ashleyharperevans.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі