Фядута: Лепшым годам беларускай журналістыкі быў першы год Лукашэнкі

Сёння беларускім СМІ не хапае шчырасці. У краіне засталася толькі партыйная журналістыка. А пачуццё гумару прысутнічае толькі ў чатырох беларускіх журналістаў. Пра гэта і іншае ў інтэрв’ю Еўрарадыё расказвае вядомы беларускі журналіст Аляксандр Фядута.
У сваім блогу вы наракалі, што сёння прафесію журналіста ў Беларусі дэвальвавалі да ўмення напісаць лід і загаловак. Але што вы маеце супраць? Добры лід і добры загаловак — гэта палова справы...

Гэта нават не адзін адсотак справы! Ну што з таго, што вось я зайду на пэўны сайт і прачытаю на гэтым сайце “Ала Пугачова загінула”. Так, я клікну на гэты банер абавязкова... Для таго каб пачуць адказ, што Ала Пугачова загінула як спявачка? Ну гэта смешна.

Справа не ў загалоўку, і не ў лідзе. Справа ў жыццёвым досведзе. Калі я быў маладым 20-гадовым хлопцам, журналістыкі амаль не існавала — існавала партыйная публіцыстыка. Але былі людзі, якія выклікалі пачуццё даверу, таму што тое, што яны казалі, было высновай з іх пэўнага жыццёвага досведу. Там былі адказы менавіта на тыя пытанні, якія хвалявалі.

Пра якую журналістыку мы размаўляем? Вы, напэўна, кажаце пра эсэістыку, пра калумністаў... Але ж існуе яшчэ навінавая журналістыка.

Аднойчы мяне выкарысталі як навінавага журналіста. Я працаваў тады ў “Беларускай дзелавой газеце”. У 95-м годзе мяне паслалі на круглы стол пасля выбараў, на які прыйшлі ўсе, акрамя пераможцаў. І тыя, хто прыйшоў, пачалі абмяркоўваць, чаму яны пацярпелі паразу. Усё гэта было вельмі смешна. Але мяне паслалі менавіта дзеля таго, каб я напісаў інфармацыйную нататку! Я напісаў. Пералічыў усіх, хто быў. А пасля, з новага абзацу, дадаў: была таксама кава.

Адным выразам, адным сказам можна даць адказ на тое, што насамрэч адбывалася. Сёння ні ў адной беларускай газеце я не знаходжу фразы. Адной фразы, аднога выразу, які б даваў адзнаку, але пры гэтым не з’яўляўся б маніпуляцыяй.


Толькі ў чатырох беларускіх журналістаў ёсць пачуццё гумару


А як вы ставіцеся да стандартаў ў журналістыцы: загаловак-лід не большы за столькі-та сімвалаў, пісаць на “чалавечай” мове...

Я пішу не на чалавечай мове. Тэкст павінен быць цікавы, а калі ў газеце ўсе тэксты будуюцца па аднолькавай схеме, я не выпішу яе далей.

Якія вашыя ўласныя густы як чытача? Якім журналістам і аўтарам вы аддаеце перавагу?

З пачуццём гумару, з самаіроніяй. Галоўны недахоп беларускай журналістыкі — тое, што ўсе беларускія журналісты ставяцца да сябе як да транслятараў ісціны ў апошняй інстанцыі. Да ўласных словаў і да ўласнай постаці трэба адносіцца з пачуццём гумару. А я ведаю толькі чатырох журналістаў, у якіх прысутнічае пачуццё гумару.

А калі параўнаць з 90-мі гадамі — гэта больш ці менш?

Аднолькава.

Тыя чатыры журналісты, якія былі ў 90-я, і тыя чатыры журналісты, якія ёсць цяпер, — гэта розныя людзі?

Часткова розныя, часткова адны і тыя ж. Хтосьці пайшоў з прафесіі, хтосьці ў ёй застаўся. Чаму, напрыклад, мне патрэбны блог, каб нагадваць пра сябе? Таму што магу раптам прачнуцца і пабачыць, што мяне не існуе, і маё месца ў беларускай інфармацыйнай прасторы занятае. Таму падтрымліваю сам сябе.

Сёння ў Беларусі засталася толькі партыйная журналістыка

Як эвалюцыянуе беларуская журналістыка, у які бок рухаецца?

Напярэдадні і падчас “перабудовы” была партыйная і антыпартыйная журналістыка. А потым засталася толькі партыйная. І сёння — толькі партыйная. Пакажыце мне хоць аднаго сучаснага беларускага журналіста, які б асмеліўся выступіць наогул супраць усіх партый? Я не маю на ўвазе Партыі камуністаў, БНФ... Я маю на ўвазе тыя партыі, якія рэальна існуюць у беларускім грамадстве.

Прывяду прыклад: “Ты супраць Лукашэнкі?” — “Так”. “А! дык ты за нашу апазіцыю!” — “Не”. “А як гэта? Дык ты значыць за Лукашэнку”... “Не”. “А за што ж ты?” — “А я за здаровы сэнс”.

Журналістыка – гэта адлюстраванне таго, што адбываецца ў грамадстве. Грамадства сёння палярызаванае. І гэта нягледзячы на тое, што большасць сёння выступае супраць усялякіх партыяў. Супраць — гэта таксама партыя! Яны не разумеюць, што па адным пытанні ты можаш быць супраць, а па другім можаш быць за. Праблема ў тым, што адбываецца ў грамадстве. Калі грамадства будзе іншым, то і журналістыка будзе запатрабаваная іншая.

Каму сёння цяжэй працуецца — журналістам дзяржаўных СМІ альбо недзяржаўных?

Справа не ў тым, якія размежаванні існуюць. Справа ў тым, што і там і там немагчыма заставацца беспартыйным. Адзіная партыя, якая павінна існаваць — гэта прафесійнае сумленне.

Існуе такі распаўсюджаны міф, што тыя журналісты, якія не навучаліся на журфаку, лепшыя за тых, хто навучаўся...

А чаму гэта міф? Гэта праўда.

Чаму так?

Таму што — чаму вучаць на журфаку? Як лід зрабіць ці загаловак?. А дзе пэўная сістэма поглядаў? На жыццё, а не на тое, як напісаць артыкул у газету... Вось матэматыка — гэта сістэма поглядаў, філалогія — гэта сістэма поглядаў, гісторыя, інжынерынг — таксама. Калі ты ведаеш, як функцыянуе банк, ты здольны напісаць добры артыкул. А калі ты ведаеш, як зрабіць лід — не абавязкова, што ты напішаш добра і цікава.

Беларускім СМІ не хапае шчырасці

Што здарылася, калі ў Беларусі зачынілі вялікую колькасць газетаў, і шмат хто з тых журналістаў, якія працавалі ў тых газетах перайшлі ў Інтэрнэт? Што стала з тымі журналістамі, якія пісалі ў газеты?

Калі вялікі маніпулятар грамадскай свядомасці Астап Бэндэр страціў усё, ён сказаў: мільянера з мяне не атрымалася, прыйдзецца перакваліфікавацца ў домакіраўнікі. Вось мы ўсе перакваліфікаваліся — кожны ў сваім кірунку: хтосьці стаў блогерам, хтосьці стаў літаратарам, хтосьці, як я, стаў літаратуразнаўцам.

Ёсць яшчэ блогеры. Іх чытае вялікая колькасць людзей менавіта як журналістыку. Як гэта можа ўплываць на развіццё традыцыйных беларускіх СМІ? Гэта падштурхне іх да развіцця альбо наадварот яшчэ больш задушыць?


Ніякай ролі ў гэтым сэнсе блогі не адыгрываюць. Блогі запатрабаваныя, таму што ў традыцыйных медыях грамадству не хапае шчырасці. На чым будаваўся феномен добрых журналістаў той самай “БДГ”? Людзі чыталі тэксты і ўяўлялі сабе асобу, якая іх напісала. І нават тыя, хто не любіць журналіста Фядуту, яны ўсё адно чыталі мае тэксты, таму што ўяўлялі сабе асобу. А сёння я чытаю тэксты, дзе няма ніякай асобы...

Людзі, якія чытаюць блогі, шукаюць альбо аднадумцаў, альбо тых, у каго аднолькавае пачуццё жыцця — шчырае. І гэта адзін погляд на жыццё. Шчыры, але адзін.
А ў мяне ў фрэндстужцы больш за 1000 асобаў! І ўсе яны розныя. Нацыяналісты, камуністы, фашысты, культуролагі, пісьменнікі. Вось мая фрэндстужка — гэта сапраўды сродак масавай інфармацыі.

Тым не менш вы кажаце, што блогі не заменяць традыцыйныя СМІ.

Усё роўна я выпісваю “Советскую Белоруссию”, “Белгазету”, “Нашу Ніву”. Там я ўсё адно  знаходжу тое, чаго не знаходжу ў блогах. Блогі мне патрэбныя, каб атрымаць пачуццё аўдыторыі, але гэта не значыць, што гэта сродак масавай інфармацыі.

Лепшым годам беларускай журналістыкі быў першы год Лукашэнкі

А ці не падаецца вам, што сёння ідэальнае становішча для развіцця журналістыкі? Гэта як з рокам: ён можа развівацца толькі ў падполлі. Калі ёсць усе ўмовы для яго развіцця, ён перастае быць рокам...

Вы ведаеце, што залаты час развіцця рускай літаратуры ў XIX стагоддзі — гэта час пасля рэформаў 61-га года, калі адмянілі прыгоннае права? І што б мы сёння ні казалі пра тое, як гэта добра, калі існуюць пэўныя абмежаванні, што гэта выклікае пэўны азарт у журналіста, стымулюе развіццё яго пісьменніцкага майстэрства... Не! Толькі свабода! Толькі падчас сапраўднай свабоды становіцца зразумела, хто чаго варты, хто пра што здольны напісаць.

Гэта смешна, але ў беларускай журналістыцы лепшым годам быў 1995 год, першы год Лукашэнкі. Таму што ў гэты год стала зразумела, хто чаго варты. Было цікава чытаць усе газеты. Я як палітычны аглядальнік пачынаў раніцу з таго, што садзіўся за стол і клаў такі стос газет, што мяне не было бачна! А горш за ўсё было менавіта ў 2006 годзе. Пасля выбараў быў грамадскі спад, і людзі не верылі, што можа быць лепш. І сёння не вераць.

Як тады ў сённяшніх умовах можна развіваць беларускую журналістыку?

Трэба вучыцца пісаць. А вучыцца пісаць — гэта, прабачце, не толькі ведаць, як зрабіць добры загаловак ці добры лід. Трэба яшчэ шмат чаго чытаць. Калі ты разумееш, як складаюцца словы ў сказе Талстога, і чым гэта адрозніваецца ад таго, як складаюцца словы ў прозе Пушкіна — ты ведаеш, як зрабіць сказ так, каб людзі адчулі, нібыта іх іголкай укалоў. Замяніце Талстога на Адамчыка, а Пушкіна на Гарэцкага — і будзе тое ж самае. Сёння не вучаць пісаць, і чытаць не вучаць.

Ці мог сучасную журналістыку сапсаваць інтэрнэт? У тым плане, што раней гэта была журналістыка стасункаў, а цяпер, каб знайсці інфармацыю, дастаткова пакапацца ў Інтэрнэце...

Менавіта таму і трэба вучыцца пісаць. Бо  ў той момант, калі ўся інфармацыя ідзе праз інтэрнэт, найбольш цікава для чытача не тое, што адбываецца, а тое, што ты думаеш з гэтай нагоды. А для гэтага наперш трэба ўмець думаць.

Газета павінна будавацца, як шведскі стол

Калі б мы ўзялі легендарных журналістаў 90-х і перанеслі іх у сёння — ці змаглі б яны выпускаць добрую газету? Ці не падаецца, што ў пачатку 90-х, у тых легендарных газетах, якія выходзілі, і тых легендарных журналістах, якія пісалі... насамрэч у іх нічога легендарнага не было: проста так супаў час.

Адам Міхнік быў журналістам у Польшчы падчас ваеннага стану і сёння адзін з самых уплывовых журналістаў Польшчы. Усё залежыць ад асобы. А ўвогуле для кожнай легенды свой час. Вось калі б “БДГ” зачынілася своечасова, яна была б легендай і сёння. А так яна працягвала працаваць пасля таго, як яе час выйшаў. Таму легенды няма.

У “Белгазеты” тыраж 20 тысяч, “Наша Ніва” — каля 6 тысяч, “Народная Воля”, дапусцім, 30 тысяч... А цяпер паглядзім на Польшчу: “Газета Выборча” больш за 500 тысяч, “Рэч Паспаліта” пад 300 тысяч. У чым справа?


За папяровую газету я павінен плаціць. А каб выпісаць пяць газет, я павінен адпаведна і зарабляць. Калі ў мяне існуе выбар паміж мясцовым друкам і цэнтральным, я выбяру мясцовую газету, яна мяне больш цікавіць. Калі я маю дастаткова грошай, пасля гэтай газеты я выпішу іншыя... А цяпер падзяліце наклад “Брэсцкага кур’еру” на колькасць жыхароў Брэсцкай вобласці. І вы атрымаеце, што ён не значна меншы, чым у “Газеты Выборчай”. Але ён значна больш уплывовы, чым “Народная Воля” ці “Белгазета”.

Быў такі час, калі ў “Знамя Юнасці” быў мільённы тыраж. Але ж гэта не значыла, што там была такая якасная журналістыка, што яе чыталі захлёбваючыся...

Яна была вострая. Часы былі такія, калі людзям была патрэбная вастрыня. Газета павінна будавацца, як шведскі стол: вось вы падыходзіце, і ў вас ёсць магчымасць узяць усё. І абавязкова існуюць спецыі. Дык вось тады быў час, калі людзі елі перац і ім здавалася, што гэта мяса. Таму што да гэтага было толькі мяса — без перцу, без солі, без хрэна і гарчыцы. Таму і была запатрабаваная такая газета, як “Знамя Юнасці”. Зараз часы іншыя.

А калі б мы ўзялі лепшых журналістаў з, як вы кажаце, партыйнай прэсы і ўкінулі іх у газеты, якія не з’яўляюцца партыйнымі — яны б змаглі там пісаць са сваім досведам?

Быў час, калі галоўным партыйным журналістам Польшчы быў Ежы Урбан. А сёння гэты разумны партыйны публіцыст з’яўляецца рэдактарам галоўнай парнаграфічнай газеты Польшчы. Усё залежыць ад таленту. Можна нават парнаграфію рабіць таленавіта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі