Франтмэн Kaiser Chiefs чарговы раз траўмаваны

Франтмэн Kaiser Chiefs Рыкі Ўілсан (Ricky Wilson) атрымаў чарговую траўму на вытворчасці.  Падчас канцэрту 28 ліпеня ў нью-ёркскім “Мэдысан Сквер Гардэн” музыка
няўдала саскочыў са сцэны і зламаў сабе рабро. Тым не менш, гурт
адыграў свой сэт да канца, і толькі пасля гэтага вакаліста адправілі ў
лякарню.

На наступны дзень менеджмент Kaiser Chiefs апублікаваў заяву,
у якой запэўніў, што інцыдэнт не адаб'ецца на далейшых датах
амерыканскага тура гурта. Сумесныя гастролі Kaiser Chiefs і Green Day
па ЗША скончацца выступам 9 жніўня на фэсце Lollapalooza у Чыкага.

Нагадаем, што для Рыкі Ўілсана такія “працоўныя” траўмы - нармальная
з'ява. У 2005-м годзе ён зламаў шчыкалатку падчас шоў у Сіэтле, а ў
2007-м пашкодзіў сухажылле на назе, выступаючы на фэсце Austin City
Limits у Тэхасе.

Фота: albionblog.wordpress.com