Фотафакт: як у Брэсце да 1 верасня падрыхтавалі дарогу каля школы

Гэта вынікала з адказу Брэсцкага аблвыканкаму, які атрымалі актывісты кампаніі "Гавары праўду!". Праблема нездавальняючага стану дарог каля школы №10 і дзіцячых садкоў №41 і №34 была агучана імі яшчэ ў лютым бягучага года.

Еўрарадыё вырашыла высвятліць, ці адбыўся гэты рамонт, бо за тыдзень да здачы там не было аніякага намёку на пачатак дарожных прац. Рамонт усё ж такі адбыўся: акурат пасярэдзіне старой разбітай дарогі з'явілася заасфальтаваная сцежка шырынёй недзе каля 2 метраў.

Можна было б падумаць, што працы яшчэ трываюць, а дарогу з часам яшчэ цалкам заасфальтуюць. Аднак перад уваходам у школу заўважаем пандусы на сцежцы, каб яе было лягчэй пераходзіць. Атрымліваецца, гэта — канчатковы варыянт?

Што тычыцца пешаходных дарог уздоўж дзіцячых садкоў, то ямы там сапраўды зніклі. Аднак зроблена гэта таксама ў арыгінальны спосаб. Замест таго, каб яміны засыпаць, дарожнікі паспросту знялі некалькі сантыметраў грунту разам з імі.

Фотаздымкі Еўрарадыё пракаментаваў актывіст "Гавары праўду" Ігар Маслоўскі. "Улады сапраўды выканалі сваё абяцанне, але зрабілі гэта па-свойму. З аднаго боку частка зроблена, але, на наш погляд, трэба ўсё давесці да ладу. Нам, напрыклад, сорамна за вось такі рамонт гэтых невялікіх вуліц, дзе кожны дзень ходзяць дзеці, ходзяць бацькі", — сказаў Маслоўскі.

Па яго словах, актывісты збіраюцца абскардзіць рашэнне аб такім рамонце. Звароты яны накіруюць у Брэсцкі аблвыканкам і Савет міністраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі