Вы тут

Форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ-2019”: расказваем, што будзе цікавага

Спектакль РТБД "Паляванне на сябе" / teart.by

З 20 верасня па 8 кастрычніка ў Мінску пройдзе IX Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ". Форум складаецца з трох секцый: "Шоўкейс Belarus Open", "Міжнародная праграма" і "Адукацыйная платформа" Школа "ТЭАРТ". Усяго ў межах беларускай і міжнароднай праграм будзе паказана 15 спектакляў.

"Шоўкейс Belarus Open"

Упершыню ў межах беларускай праграмы адбудзецца прэзентацыя работ праекта "Тэатр сацыяльных даследаванняў". Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB пакажа спектакль "Родныя людзі?", HUNCHTHEATRE — спектакль "Левыя дысідэнты", тэатр "Крылы халопа" — спектакль Brest stories guide. Іх куратары разглядаюць тэатр як сацыяльнае выказванне і механізм зменаў у грамадстве.

Тэатральны крытык, куратарка праграмы Belarus Open Людміла Грамыка

"Па-мойму, прыдуманы вельмі цікавы праект, — кажа пра "Тэатр сацыяльных даследаванняў" тэатральны крытык, куратарка праграмы Belarus Open Людміла Грамыка. — У пастаноўках могуць удзельнічаць непрафесійныя акцёры, але яны шчыра кажуць аб праблемах, якія іх хвалююць. Такія сацыяльныя праекты маюць права на існаванне. Удзельнікі праекта хочуць размаўляць з гледачамі, а гледачы прыходзяць, каб выслухаць".

На думку крытыка, у беларускім тэатры даўно не хапала адкрытай і вострай размовы пра тое, што адбываецца навокал. У якой падымаліся б балючыя тэмы, напрыклад, тэмы хатняга гвалту, улады і волі, і не было б самацэнзуры.

"Гэта цягнецца не адно дзесяцігоддзе, — працягвае Людміла Грамыка. — І раптам знайшліся людзі, якія сказалі: так, мы хочам гаварыць пра тое, пра што думаем, пра тое, што нам баліць. Мы, можа, не ўмеем гэта рабіць ярка і правільна, як вучаць у Акадэміі мастацтваў, але мы шчырыя. Гэта дарагога каштуе. Тэатр можа быць розным".

Спектакль "Левыя дысідэнты" / teart.by

"Шоўкейс Belarus Open" прадэманструе восем спектакляў, сярод якіх — спектакль "Павятовы лекар" ад Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра, мінскі праект Вольгі Лабоўкінай і Тэатра танца Karakuli "Паветра", аднайменная пастаноўка сумеснага ўкраінска-беларускага праекта "ГЭТАМЫ", спектакль "Паляванне на сябе "Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і іншыя.

У "Міжнароднай праграме" — спектакль на няіснай мове

У рамках міжнароднай праграмы гледачам будуць прадстаўленыя чатыры спектаклі. Харэаграфічную пастаноўку "Піксель" пакажуць французы, драму "Плошча герояў" — літоўцы, лялечны шэдэўр "Сталінград" — грузіны, тэатральныя падарожжы па матывах Гамера "Адысея" чакаюцца з Германіі (увага: гэты спектакль будзе паказаны на няіснай мове без субтытраў). У адказ на пытанне, чаму міжнародных пастановак так мала, арганізатары адказваюць: "Затое якія!"

"Школа "ТЭАРТ"

У цэнтры ўвагі чацвёртай "Школы "ТЭАРТ" — асоба рэжысёра. Куратар праекта Аляксандр Марчанка прапануе даследаваць адказнасць, зону прафесійнай увагі і сацыяльную пазіцыю пастаноўшчыка. У рамках "Школы" адбудзецца паказ спектакля "Дуплет" і сустрэча з яго стваральнікам, рэжысёрская лабараторыя Дэні Майфера і дыскусія з Дзмітрыем Багаслаўскім, Ігарам Казаковым і Аляксандрам Янушкевічам. Стартуе серыя адукацыйных івэнтаў 25 верасня.

Асноўная ўвага на варкшопе Дэні Майфера будзе аддадзеная рэжысёрскаму бачанню п'есы. Цягам шасці дзён удзельнікі будуць працаваць над эскізам спектакля па п'есе "Рычард III" Уільяма Шэкспіра. Па выніках лабараторыі пройдзе публічны паказ работ.