Вы тут

Фільм "Купала" могуць паказаць на кінафэсце "Лістапад"

   

Кінастудыя "Беларусьфільм" не выключае, што прэм'ерны паказ фільма "Купала" можа адбыцца сёлета на фэсце "Лістапад". 

"Купала" ў любым разе будзе паказаны ў Беларусі, але наконт тэрмінаў я баюся нешта гарантаваць. Найбліжэйшы месяц мы будзем ацэньваць сусветную сітуацыю з фестывалямі і пракатам", — прыводзіць "Наша Ніва" словы дырэктара "Беларусьфільма" Уладзіміра Карачэўскага. Кінастудыя разлічвае на паказ стужкі на буйных кінафэстах. 

7 верасня пірацкая версія фільма з'явілася ў інтэрнэце дзякуючы Telegram-каналу "Беларусь галаўнога мозгу". Аднак на студыі мяркуюць, што фінансавыя страты кампанія праз гэта не панясе. 

Тое ж самае кажа і рэжысёр карціны Уладзімір Янкоўскі: "Гэта не сапсуе пракат "Купалы", у Галівудзе такіх прыкладаў сотні. Наадварот, цяпер фільм можа выклікаць інтарэс нават у тых, хто пра яго і не чуў".

Праграмны дырэктар "Лістапада" Ігар Сукманаў заяўляе, што цяпер ідуць перамовы з аўтарамі фільма пра яго паказ на кінафэсце. Фэст павінен прайсці ў Мінску з 6 да 13 лістапада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.