Фестываль "Бардаўская восень — 2015" абвяшчае прыём заявак

Штогадовы фестываль беларускамоўнай аўтарскай песні "Бардаўская восень" абвяшчае прыём заявак на ўдзел у конкурсе. Для ўдзелу ў адборачным канцэрце неабходна запоўніць анкету і даслаць яе разам з фотаздымкам і дэма-запісам на адрас [email protected] не пазней 10 верасня.


Адборачны канцэрт сёлетняга фэсту адбудзецца 13 верасня. Падчас яго  журы абярэ ўдзельнікаў конкурснай праграмы "Бардаўскай восені — 2015", якія выступяць на галоўнай фестывальнай пляцоўцы ў Бельску-Падляшскім у Польшчы. 


Арганізатар конкурснай часткі фэсту Алесь Кот-Зайцаў мяркуе, што сёлетняя "Бардаўская восень" мусіць быць не менш крутой, чым апошняе "Басовішча":


"Сёлета досыць паспяхова прайшло "Басовішча" — фэст адрадзіўся з новымі эмоцыямі. І таму "Бардаўская восень" мусіць не адставаць. І я заклікаю ўсіх сабрацца з сіламі і паказаць найлепшае, што мы маем. І гэта тычыцца не толькі маладых выканаўцаў, якія граюць у класічным бардаўскім стылі і выконваюць свае песні пад гітару і фано, але і выканаўцаў у іншых стылях, такіх, як электронная і рэп-музыка... Стыль можа быць якім заўгодна. Галоўнае, каб гэта было ў акустычным фармаце, які мы стараемся захаваць на фестывалі".


Фестываль "Бардаўская восень — 2015" пройдзе ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада на Падляшшы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі