Федэрацыя футбола выступіла з заявай наконт клуба "Крумкачы"

Федэрацыя футбола выступіла з заявай наконт клуба "Крумкачы"

Федэрацыя футбола Беларусі (АБФФ) выступіла з афіцыйнай заявай наконт футбольнага клуба "Крумкачы", нядаўна выдаленага з вышэйшай лігі. Тэкст дакумента апублікаваны на сайце федэрацыі.  

Заява старшыні праўлення ТАА ФК "Крумкачы" Дзяніса Шунто пра гатоўнасць клуба да сезону у АБФФ ацэньваюць як чарговую спробу ціску на юрысдыкцыйныя і выканаўчыя органы федэрацыі.

АБФФ паведамляе, што клуб дагэтуль не расплаціўся па запазычанасцях з шэрагам футбалістаў — у тым ліку тымі, хто выйграў па гэтай справе грамадзянскія суды (Уладзімір Пяценка і А.Кавалёў). З некаторымі футбалістамі і трэнерамі перамовы наконт выплаты запазычанасці нават не праводзіліся. 

Нягледзячы на ранейшыя дамоўленасці, 9 траўня "Крумкачы" без папярэджання заявілі пра адмену матч 1/4 фіналу Кубка Беларусі супраць ФК "Нёман", афіцыйна не паведаміўшы ні сваім сапернікам, ні ў Асацыяцыю "Беларуская федэрацыя футбола". "Фактычна гульня была сарваная, бо клуб не ў стане арганізаваць хатні матч з-за даўгоў перад хуткай дапамогай, МНС, а таксама стадыёнамі горада Мінска", — гаворыцца ў заяве АБФФ.

Больш за год застаецца непагашанай запазычанасць перад барысаўскім футбольным клубам БАТЭ. Незалежны аўдыт ацаніў запазычанасць клуба на суму больш за 800 тысяч рублёў (400 тысяч долараў).

Нядаўнія выплаты запазычанасці асобным гульцам "Крумкачоў" рабіў не клуб, а сам старшыня праўлення Дзяніс Шунто як фізічная асоба. "Дадзены факт таксама пацвярджае тое, што футбольны клуб не ў стане весці фінансава-гаспадарчую дзейнасць. Пры гэтым, нягледзячы на ​​пісьмовы зварот АБФФ, ФК "Крумкачы" да гэтага часу не падаў адпаведныя паведамленні аб правамернасці аплаты Д.П. Шунто за клуб", — падкрэсліваецца ў дакуменце. 

Апошнім пунктам у заяве гаворыцца: "Па стане на 18.00 12 сакавіка 2018 года ФК "Крумкачы" ўсё яшчэ не падаў шэраг дакументаў для праходжання працэсу ліцэнзавання. Па кадравых крытэрах адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць у ФК "Крумкачы" памочніка галоўнага трэнера асноўнай каманды, адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць у ФК "Крумкачы" двух трэнераў моладзевых камандаў (з шасці неабходных), а таксама адсутнічаюць копіі трэнерскіх ліцэнзій яшчэ двух трэнераў моладзевых камандаў. Па спартыўных крытэрах па 5 з 6 моладзевых камандаў адсутнічаюць рэгістрацыйныя нумары гульцоў, што не дазваляе праверыць існаванне гэтых футбалістаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі