Фанаты "Зеніта" - фанатам БАТЭ: "Божа, беражы Беларусь!"

Мінчукі гадаюць, ці паспрабуюць фанаты "Зеніта" разнесці цэнтр беларускай сталіцы. А
міліцыя рыхтуецца прыцягваць фанатаў да адказнасці нават за ненарматыўную лаянку.

Самі расійскія фанаты ўпэўненыя, што ў Мінск прыедзе каля 10 тысячаў прыхільнікаў
піцерскага Зеніта. Многія з піцерцаў маюць круты нораў, іх заўзятары ўчынілі пагромы не ў
адным еўрапейскім горадзе.

"У Турцыі нешта разнеслі, прытым у буйных маштабах. Біліся ў Маскве, было поўнае мяса, рубілава. Фаерамі палілі супернікам твары, -  расказвае прадстаўнік маскоўскага фанацкага руху Акула. - Мяркую, што і ў Мінску разнос будзе ў любым выпадку. Бо едуць фанаты ў баявым настроі. Некаторыя хочуць пабухаць, пабіць каго-небудзь. Фанатаў будзе шмат, зрабілі дадатковыя цягнікі з Піцера, многія едуць аўтобусамі, машынамі, здымаюць мікрааўтобусы. Едуць на перакладных, на электрычках".

"Войска" зенітаўскіх фэнаў заняло ўсе магчымыя гатэлі ў беларускай сталіцы. Засяліцца
куды-небудзь на ноч з пятага на шостага лістапада немагчыма. Па ўсім відаць, што персанал
гатэляў чакае у літаральным сэнсе варфаламееўскай ночы.
 
"Ад лёсу не ўцячэш, -  з мужнасцю ў голасе адказаў журналісту Еўрарадыё вахцёр гатэлю
"Спорт"
, што ў Першамайскім раёне Мінска. -  Месцаў няма."
 
Дарэчы, фанаты "Зеніта" занялі ўвесь гэты гатэль.

Мінская міліцыя напоўную рыхтуецца да сустрэчы фанатаў "Зеніта", як да акцыі апазіцыі.
Прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама папярэдзіла праз свой сайт фанатаў аб адказнасці.
Міліцыянты абяцаюць караць за ненарматыўную лаянку, наўмыснае знішчэнне маёмасці,
хуліганства і групавыя дзеянні, якія прывядуць да парушэння грамадскага парадку.

Між тым ужо з'явіліся чуткі, што некалькі дзесяткаў радыкальных фанатаў "Зеніта"
прызначылі патаемную сустрэчу з  такой жа колькасцю беларускіх фанатаў. Будуць біцца
сценка на сценку. Месца бою трымаецца за сямю пячаткамі.

Але самі піцерскія фанаты расказалі Еўрарадыё, што ставяцца да беларусаў надзвычай
пазітыўна.

"Усе гарады, дзе мы былі, як стаялі на месцы, так і стаяць, -  сказала Еўрарадыё
актывістка зенітаўскай фанацкай групоўкі "Лига болельщиков Зенита Off Site" Любоў.
Дзяўчына прыедзе ў Мінск акурат перад матчам. -  І нічога з гарадамі не здарылася. Гэта
тычыцца і Турына, і Манчэстэра, і іншых гарадоў".

Праўда, і Любоў не можа гарантаваць, што ўсе зенітаўцы будуць паводзіць сябе карэктна.

Фанатка Любоў: "Ёсць людзі, якім увогуле на каманду напляваць. Ім абы пабіцца. Папросту прыкрываюцца нашым сцягам, і ўсё".

Затое фанаты БАТЭ лічаць зенітаўцаў амаль што саюзнікамі. І ўпэўненыя - пагромы ў
беларускай сталіцы немагчымыя. Прынамсі ў Пецярбургу падчас матчу "Зеніт"-БАТЭ да
беларусаў паставіліся па-братэрску.

"Калі іх балельшчыкі бачылі амуніцыю БАТЭ, то даволі цёпла з намі віталіся, браталіся, -
распавядае фанат БАТЭ Віктар. - Мы не раз чулі словы "Божа, беражы Беларусь". Нам
сказалі, што балельшчыкі БАТЭ амаль адзіныя, якія могуць бяспечна сядзець на лавачках
каля стадыёна, не хаваючы свае шалікі і іншую атрыбутыку" .
 
Але прадказаць паводзіны фанатаў "Зеніта", калі БАТЭ дасць піцерцам чарговую поўху і
пераможа, не бярэцца ніхто. Таму бліжэйшы матч Лігі чэмпіёнаў мае ў сабе адразу дзве
інтрыгі - ад гульцоў і ад заўзятараў.

Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём падзеяў вакол гульні БАТЭ-"Зеніт".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі