Еўрарадыё на Майдане: Падрабязнасці, якія засталіся па-за публікацыямі

Так выйшла, што ў Кіеў я еду амаль адразу пасля працоўных візітаў у Грузію і Літву. Ведаю пра сітуацыю не больш, чым шараговыя карыстальнікі інтэрнэта ў Беларусі: брутальныя разгоны, сотня тысяч людзей на вуліцах, збіццё журналістаў, “Беркут”. “Толькі асцярожней там”, — чую ад паловы рэдакцыі. А ад супрацоўнікаў “Белдзяржстраха”: “Калі вы едзеце удзельнічаць у дэманстрацыях, мы вам страхоўку не аплацім. Неспакойна там цяпер”.

Але ў самім Кіеве мяне чакаюць сюрпрызы. На пачатку, падчас пікетавання Вярхоўнай рады і Кабміна, высвятляецца, што рэвалюцыянеры хочуць не падпісання асацыяцыі з ЕС, а адстаўкі урада і самога прэзідэнта Януковіча, а пасля двух дзён на Майдане разумею, што тут зусім не вайна, а, хутчэй, карнавал, аточаны барыкадамі.

Але сваю долю адрэналіну ўсё ж атрымліваю падчас паходу калоны дэманстрантаў на адміністрацыю Януковіча. “Ты дзе? Я ў першым шэрагу, тут становіцца неспакойна. Баюся, цяпер усіх разгоняць “Беркутам”, трэба быць асцярожнымі”, — званю фатографу ў самы напружаны момант. У мяне амаль трасуцца каленкі, страшнавата. У гэты момант каля мяне праходзяць дзве шыкоўныя дзяўчыны на абцасах і ў кароткіх спадніцах. “Зараз будзем штурмаваць Яніка”, — жартуюць яны. Дэманстранты стаяць ля адміністрацыі прэзідэнта Украіны ўсю ноч, міліцыя разагнаць іх так і не наважваецца.

А я трапляю на Аўтамайдан, назіраю за арганізаваным пратэстам студэнтаў і цэлую ноч здымаю з напарнікам невялічкі відэасюжэт пра тое, як і чым жывуць рэвалюцыянеры. Атрымоўваецца атмасферна, нават прыгажэй, чым яно ёсць насамрэч.

Яшчэ адзін візіт у Кіеў прыпадае на пік Антымайдана. Мае суседзі па купэ, украінцы, доўга не вераць у мэту візіта: “Усе на Майдан едуць, навошта вам Антымайдан? Вы што?”. А я насамрэч еду шукаць праціўнікаў рэвалюцыі, каб пачуць іх аргументы. Знаходжу без асаблівых праблем. Пакуль на Майдане мітынгуе некалькі соцень тысяч чалавек, на адлегласці адной станцыі метро можна пачуць зусім іншыя меркаванні. А вось удзельнікі Антымайдана мяне амаль здзіўляюць. Перадусім, талерантным стаўленнем да сваіх апанентаў з Майдана ды бачаннем будучыні Украіны. Хоць у добраахвотнасць іх дзеянняў я так і не веру.

А яшчэ падчас другога прыезду заўважаю, што Майдан стаў іншым. Большыя барыкады, больш людзей, менш палітычных лозунгаў і заклікаў, гандаль кавай і рэвалюцыйнай атрыбутыкай, звышпрыбыткі кавярняў і бараў. Хоць усё па-ранейшаму трымаецца на неангажаваных ў палітыку людзях, якія “проста прыйшлі паглядзець на рэвалюцыю і засталіся”.

Мінск пасля кіеўскага Майдана падаецца ціхім і спакойным горадам. А калегі не разумеюць маёй раптоўнай цікавасці да розных мадэляў процівагазаў, шлемаў для сноўбардыстаў і партатыўных радыёстанцый. Кажуць, наступная рэвалюцыя — не хутка. Тым больш, беларуская.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі