Еўрапарламент хоча забараніць ментолавыя і тонкія цыгарэты

8 кастрычніка ў Еўрапарламенце адбудзецца галасаванне па тытунёвым законе. Выданне EUobserver нагадвае, што мэта законапраекта — зрабіць тытунь менш прывабным для моладзі шляхам забароны араматызаваных і тонкіх цыгарэт, а таксама за кошт павелічэння папярэджанняў на ўпакоўцы.

Разглядаць закон збіраліся яшчэ месяц таму, але перанеслі. Высокі ірландскі чыноўнік паведамляе Reuters пра беспрэцэдэнтна інтэнсіўнае лобі. Згодна з яго словамі, вытворцы ведалі пра дробныя дэталі закона менш чым праз 24 гадзіны, як скончылі яго распрацоўку за зачыненымі дзвярыма. Сур’ёзнасць лобі пацвярджаюць і сумы, якія тытунёвы гігант Philip Morris International (PMI) гатовы выдаваць на прасоўванне сваіх інтарэсаў.

“У заяве для прэсы PMI ацэньвае свае расходы ад 1 да 1,25 мільёна еўра на права прадстаўляць інтарэсы кампаніі ў інстытуцыях ЕС у 2012 годзе”, — піша EUobserver.

Новы закон закране і папулярныя электронныя цыгарэты: еўрадэпутаты вырашаць, ці трэба пазначаць небяспечнасць такіх цыгарэт на ўпакоўцы. Усплёск папулярнасці е-цыгарэт здзівіў чыноўнікаў у ЕС. Таму яны вырашылі “пракантраляваць” і гэты тавар. Але меркаванні тут падзяліліся: некаторыя вучоныя мяркуюць, што е-цыгарэты дапамагаюць кінуць курыць больш небяспечныя звычайныя цыгарэты. Прычым электронныя цыгарэты з’яўляюцца больш эфектыўным спосабам кінуць курэнне, чым, напрыклад, нікацінавы пластыр.

“Электронныя цыгарэты прывабней за пластыры для многіх курцоў, і іх можна набыць у большасці краін без абмежаванняў, якія накладваюцца на лекі, што выкарыстоўваюцца ў нікацінавай замяшчальнай тэрапіі”, — кажа прафесар Петр Гаек з даследчага аддзела тытунезалежнасці Лонданскага ўніверсітэта Куін Мэры.

Тым часам у Вялікабрытаніі спрабуюць весці сваю вайну з тытунёвым лобі. Даследаванне Брытанскага фонду сэрца паказвае, што пачкі цыгарэт, на якіх няма брэндаў, не вельмі прывабліваюць моладзь. Але ўводзіць такія “пустыя” ўпакоўкі ўрад не плануе. Першай краінай у свеце, якая забараніла афармляць цыгарэты ў “прыгожыя” пачкі, стала Аўстралія. Таму ў брытанскім Дэпартаменце аховы здароўя спасылаюцца на зялёны кантынент: маўляў, не будзем уводзіць стандартныя пачкі, пакуль не даведаемся, ці сапраўды яны ўплываюць на змяншэнне курэння. Але ў Брытанскім фондзе сэрца кажуць, што ўрад мусіць прыслухацца да сігналу моладзі, якая сцвярджае, што цяперашнія папярэджанні на цыгарэтах не дастатковыя.

Згодна са статыстыкай, у Еўропе курыць амаль кожны трэці, хто мае больш за 15 гадоў (27% паводле Сусветнай арганізацыі здароўя). Такім чынам, Еўропа з’яўляецца самым нікатыназалежным рэгіёнам у свеце. Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што кожныя 6-7 секунд ад хваробаў, звязаных са шкоднай звычкай, у свеце памірае курыльшчык.

Фота: investorplace.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі