Эксперымент: як карэспандэнт Еўрарадыё здавала аналізы на ВІЧ

Напярэдадні Дня барацьбы са СНІДам, які адзначаецца 1 снежня, карэспандэнт Еўрарадыё ананімна і бясплатна здае аналіз на ВІЧ. Зрабіць гэта можна ў раённых паліклініках, або, да прыкладу, у “Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”, што на вуліцы Клары Цэткін, 4 у Мінску.

На трэцім паверсе цэнтра, дзе цэлае аддзяленне займаецца прафілактыкай гэтага захворвання, практычна пуста. На лаўцы сядзіць мужчына, на выгляд яму пад пяцьдзясят. Ён няўцямна пазірае ў акно, у руках ― буклет пра прафілактыку віруснага гепатыту. Побач медыкі корпаюцца ў нейкай бакоўцы: хутка Дзень барацьбы са СНІДам ― яны выбіраюць плакаты на стэнд.

У працэдурным кабінеце медсястра задае ўсяго два пытанні:

"Вы наркаманка?" і "Тры месяцы прайшло з моманту магчымага заражэння?"

На адно з іх адказвае сама: “Калі тры месяцы прайшло, вынік аналізу будзе дакладным на 99%”.

Медык просіць зняць верхнюю вопратку і дачакацца ў лабараторыі. Пакуль чакала, прыгадала, як некалькі гадоў таму ўжо здавала такі тэкст у раённай паліклініцы. Таксама ананімна, але тады мяне папрасілі запоўніць цэлую анкету, дзе, акрамя стандартных біяграфічных пытанняў ― пол, узрост, род заняткаў, трэба было ўказаць колькасць палавых партнёраў за апошні год, якім спосабам я засцерагаюся ад інфекцый і ці часта ў мяне бывае неабаронены выпадковы сэкс. Запоўніўшы анкету, я павінна была прайсці на абавязковае сумоўе з вірусолагам, якая дапытвалася, чаму раптам мне спатрэбілася такое абследаванне. У выніку, тады я так і не атрымала вынікі ― у лабараторыі скончыліся рэактывы і медыкі не змаглі дакладна сказаць, калі патэлефанаваць, каб даведацца, што з аналізамі.

 

Прыходзіць на здачу аналізаў лепш бліжэй да абеду, бо няма чаргі

Лабараторыя Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі нічым не адрозніваецца ад лабараторыі той паліклінікі: усё чысценька, усё па-савецку. Шыльды-папярэджанні, да чаго нельга дакранацца ні ў якім выпадку і калі лабараторыя дэзінфікуецца, прабіркі з крывёй і незразумелае абсталяванне. Медык доўга намацвае ў мяне вену, пасля рашуча пачынае набіраць кроў.

Ужо ў кабінеце цікаўлюся ў медсястры, ці не страшна ёй працаваць у кабінеце, дзе ёсць патэнцыйны рызыка заражэння.

“Ужо не, прывыкла, а па маладосці я і не думала пра гэта. Але вы ведаеце, калі нехта ў нас звальняецца з аддзялення, чалавека не знайсці. Ніхто не хоча працаваць з патэнцыяльнымі ВІЧ-інфекаванымі... Хоць медыцына ― яна ўся такая, ніколі не ведаеш, на каго тут нарвешся...” ― жанчына чамусьці ці то сумная, ці то стомленая.

Аналіз заняў 15 хвілін. Вынік, спадзяюся адмоўны, даведаюся як раз першага снежня.

 

ВІЧ перавялі ў разрад хранічных захворванняў

ВІЧ больш не смяротнае захворванне, а хранічнае. Па статыстыцы, сярэдні ўзрост пацыентаў, якія памерлі па прычыне ВІЧ, павялічыўся з 1987 года ― з 37,9 да 50,8 года для мужчын і з 35,2 да 49,7 года для жанчын. Для падаўжэння жыцця патрабуецца як мага раней дыягнаставаць захворванне і прыступіць да лячэння і прафілактыкі. У той жа час, лячэнне не ўсюды даступнае і фінансава магчымае.

Дзе здаць тэст на ВІЧ-інфекцыю:

У любой паліклініцы ў працэдурным кабінеце.

Для Мінска дадаткова ў гарадскім і абласным скурна-венералагічных дыспансерах, гарадскім і абласным наркалагічных дыспансерах, а таксама ў медыцынскіх лабараторыях платна (50-70 тысяч рублёў, ананімна ці не ананімна па жаданні).

У працэдурным кабінеце аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД ДУ "РЦГЭіГЗ" (Мінск, вул. К. Цэткін, 4, 3-ці паверх. Тэл. (017) 321 22 68) можна зрабіць аналіз на ВІЧ ананімна і бясплатна, а таксама атрымаць кансультацыю спецыялістаў. Вынік даследавання на ВІЧ будзе гатовы на працягу 2-х працоўных дзён.