Эксперт: Змена міністра адукацыі ― трывожны сігнал

15 снежня ў Беларусі з'явіўся новы міністр адукацыі: Міхаіла Жураўкова замяніў Ігар Карпенка, вядомы сваімі кансерватыўнымі і нават камуністычнымі поглядамі. На думку былога прарэктара ЕГУ Уладзіміра Дунаева, гэта трывожны знак. Ён можа азначаць, што Беларусь адмаўляецца ад рэформаў у сферы адукацыі, якія пачаліся пры Жураўкове.

"Мне падаецца, што перамена міністра адукацыі менавіта ў гэты момант можа быць такім трывожным сігналам. Справа ў тым, што ёсць толькі адна ўзгодненая з Еўропай праграма рэформаў — праграма рэформаў вышэйшай адукацыі, якая называецца Дарожная карта. Гэта дакумент, у якім сабраныя фармальныя абавязальніцтвы Беларусі перад сваімі еўрапейскімі партнёрамі. Гэта ўмовы ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс. Жураўкоў фактычна завяршыў гэты працэс фармальнага далучэння... Нельга сказаць, што праца ішла вельмі паспяхова, але яна ішла. Былы міністр рабіў абнадзейваючыя заявы", — мяркуе Дунаеў.

Па словах эксперта, калі Беларусь не будзе выконваць Дарожную карту далей, то яна можа шмат страціць у вачах сваіх заходніх партнёраў.

"Зараз амаль завершаная праца над Кодэксам аб адукацыі. І змяніць цяпер кіраўніка ведамства, якое за гэта адказвае... На мой погляд, гэта рызыкоўны крок. Ён ставіць пад пагрозу выкананне гэтых абавязальніцтваў... Зараз узнікаюць сумневы, што гэты курс будзе працягнуты", — мяркуе эксперт.

Ці дойдзе да таго, што Беларусь цалкам выключаць з Балонскага працэсу? На думку Дунаева, гэта малаверагодна. У той жа час адстаўка рэфарматара Жураўкова можа азначаць, што ўлады Беларусі не гатовыя да правядзення рэформаў не толькі ў сферы адукацыі, але і ва ўсіх іншых сферах таксама.