Эксперт: Традыцыя талерантнасці беларусаў губляецца проста на вачах

111116 Jarmakova s.mp3

Еўрарадыё: У чым, на вашую думку, заключаецца талерантнасць?


Віялета Ермакова: Мне падаецца, дакладней за ўсіх сказаў Вальтэр. Ён сказаў: “Я з вамі не згодны, але гатовы аддаць жыццё за тое, каб вашыя перакананні таксама былі прадстаўленыя”. Талерантнасць – гэта, калі я ведаю, што іншы чалавек ёсць іншым, у яго іншае ўяўленне пра тое, як трэба жыць, іншае ўяўленне пра тое, што правільна і што добра, але я ведаю, што мы абодва маем права на існаванне.

Еўрарадыё: А калі другі чалавек не гатовы аддаць сваё жыццё, а наадварот, гатовы забраць маё жыццё за свае погляды?


Віялета Ермакова: Ёсць талерантнасць, а ёсць крымінальны кодэкс. Калі супраць мяне ён будзе парушаны, то я маю поўнае права абараняць сябе. Талерантнасць не ўключае ў сябе талерантнасць да неталерантнасці. Ёсць такі парадокс. Здавалася б, талерантны чалавек павінен быць талерантным кругласуткава і ва ўсім, дараваць усе праявы неталерантнасці, скіраванай на яго. Але гэта было б лагічна бессэнсоўнае кола. Таму талерантнасць безумоўна мае межы. Іншая справа, што мы павінны ўважліва сачыць за тым, каб гэтыя межы былі адэкватнымі і не выкідаць за межы талерантнасці людзей па расавых, нацыянальных ці нейкіх іншых прыкметах.

Еўрарадыё: Напрыклад, прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў вельмі талерантна ставяцца да прадстаўнікоў розных рэлігій, але адваротнай талерантнасці мы не назіраем.


Віялета Ермакова: Так, сапраўды ёсць такая праблема. Яна звязаная з тым, што, паколькі апошнім часам вельмі актыўна ідзе глабалізацыя, культуры кантактуюць вельмі цесна. Але пры гэтым абсалютна няма кансэнсусу. Пастаянна сутыкаюцца паміж сабой розныя каштоўнасці – у арабскім свеце адны каштоўнасці, у еўрапейскім –  іншыя. Няма нейкай агульнай каштоўнасці, якую можна было б актываваць, каб вырашаць гэтыя канфлікты. Трэба памятаць таксама і пра тое, што ўсё, што адбываецца ў свеце, гэта не нейкі статычны стан, гэта працэс. Каштоўнасны кансэнсус дасягаецца толькі праз дыялог. Таму ўсе цудоўныя ідэі пра тое, што, паколькі ў нас зараз няма агульных каштоўнасцяў, то нас трэба падзяліць, менш кантактаваць, ізалявацца – прыводзяць да таго, што праблема застаецца. А для таго, каб арабы, убачыўшы тры тысячы гомасэксуалістаў, зразумелі і прызналі, што гэта таксама людзі і яны маюць права на існаванне, трэба шмат кантактаваць і дамаўляцца. Тады адбываецца не толькі механічнае зліццё культур, калі яны жывуць на агульнай тэрыторыі, але і зліццё на больш высокім узроўні.

Еўрарадыё: А калі, напрыклад, я як жыхар еўрапейскай сталіцы не хачу каб падчас, умоўна кажучы, мусульманскага свята тысячы людзей маліліся на каленях пасярод вуліцы, ці можна мяне назваць неталерантным чалавекам?


Віялета Ермакова: У мяне нядаўна была на гэтую тэму дыскусія з кімсьці з Масквы, мяне пераконвалі, што ў іх вялізная колькасць мусульманаў, яны моляцца на вуліцах, маўляў, давайце забаронім ім маліцца. Я кажу: навошта забараняць ім маліцца? Лепш пабудаваць дастаткова мячэцяў, каб яны там маглі маліцца. А мне адказваюць, што Расія – праваслаўная краіна і нельга там будаваць мячэці. Але ці насамрэч, згодна са статыстыкай, Расія ўсё яшчэ застаецца праваслаўнай краінай? Трэба проста глядзець у вочы рэальнасці.

Еўрарадыё: А ці можна беларусаў назваць талерантнымі?


Віялета Ермакова: Усе кажуць, што беларусы талерантныя. Гэта ўжо сталася такой мантрай. Але я не думаю, што беларусаў можна назваць талерантнымі. Іншая справа, што ў публічным доступе няма даследаванняў, на якія можна было б спаслацца і вымераць талерантнасць беларусаў у параўнанні напрыклад з краінамі-суседзямі. Але калі глядзець на факты, то гэта моцна перабольшана. Нам зручна казаць, што мы талерантны народ. ураду зручна гаварыць гэта, каб беларусы былі паслухмянымі, не выступалі з палітычнымі заклікамі. Тым, хто лічыць прыярытэтам еўрапейскія каштоўнасці, зручна казаць, што беларусы талерантныя, каб паказаць, што мы такія ж, як еўрапейцы. Але талерантнасць нам трэба яшчэ выхоўваць і выхоўваць. Праглядаючы твітэр, я сустракаю запісы, што карыстаюцца вялікай папулярнасцю, пра тое, напрыклад, што, калі беларуская дзяўчына выйдзе замуж за якога-небудзь чучмека, я заб’ю іх абоіх. І гэта нармальна ўспрымаецца грамадствам. Я не думаю, што ў талерантным грамадстве такія запісы магчымыя ўвогуле, не кажучы пра тое, каб спасылацца на іх і цытаваць у іншых месцах.

Еўрарадыё: Але калі мы кажам пра беларускую талерантнасць, то гэта ж не ўзялося з ніадкуль? Гісторыкі часта прыводзяць прыклад ВКЛ, як ілюстрацыю талерантасці беларусаў. Напэўна ж ёсць штосьці такое генетычнае ў нас?


Віялета Ермакова: У мяне няма сацыялагічных даследаванняў часоў ВКЛ. Але ёсць сучасныя. ВКЛ было дастаткова даўно і магчыма там былі традыцыі талерантнасці. А потым быў цудоўны Савецкі саюз, які гэтыя традыцыі добра папсаваў. І ёсць досвед апошніх дваццаці год, калі мы жывем у дастаткова ізаляванай краіне. Ёсць візавыя бар’еры, ёсць іншыя. Талерантнасць – гэта не тое, што было дадзенае трыста год таму і застаецца назаўсёды. Гэта тое, што павінна ўзнаўляцца кожным наступным пакаленнем, выхоўвацца нанова.  Зараз, на жаль, расце пакаленне, якое мае вельмі мала кантактаў з іншымі краінамі. Яны ведаюць мала моваў, у іх няма досведу паездак і кантактаў з іншымі культурамі. І традыцыя талерантнасці губляецца проста на вачах, яе ўвесь час трэба ўзнаўляць. Талерантнасць – гэта духоўная праца, прычым як індывідуальная кожнага чалавека, так і праца кожнага пакалення, каб яно магло існаваць. У сучасным свеце гэта не проста капрыз, гэта пытанне таго, наколькі мы акажамся здольнымі выжываць у глабалізаваным свеце. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі