Эксперт: Просьба Пуціна не азначае спынення падтрымкі тэрарыстаў

Папярэдні зварот Уладзіміра Пуціна да Савета Федэрацыі на вайсковую тэму адбыўся на пачатку вясны. Тады расійскі прэзідэнт прасіў дазволіць яму ўвесці войскі ва Украіну. Праўда, “зялёныя чалавечкі” на той момант амаль цалкам кантралявалі Крым, так што просьба не стала вялікай нечаканасцю.

Цяпер іначай — навіна выклікае шквал абмеркавання і здагадак аб прычынах. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведамляе журналістам, што зроблена гэта дзякуючы пачатку перамоваў у Данецку.

"У мэтах нармалізацыі абстаноўкі і ўрэгулявання сітуацыі ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, а таксама ў сувязі з пачаткам трохбаковых перамоў па гэтым пытанні".

У перамовах удзельнічаюць тры бакі. Афіцыйны Кіеў прадстаўляе экс-прэзідэнт Леанід Кучма, Расію — амбасадар у Кіеве, сепаратыстаў — прадстаўнікі так званых ДНР і ЛНР. Акрамя гэтага прысутнічаюць самы прарасійскі экс-кандыдат у прэзідэнты Алег Цароў (цяпер узначальвае прарасійскі рух "Паўднёвы Усход") і кіраўнік арганізацыі “Украінскі выбар” Уладзімір Медзвядчук. У адрозненне ад маргінала Царова, Медзвядчук мае рэальную вагу. Ён блізка сябруе з Пуціным, расійскі прэзідэнт нават хрысціў яго малодшую дачку. Па адной з версій, гэта дзякуючы яго падтрымцы сепаратысты дагэтуль даволі паспяхова супрацьстаяць украінскай арміі.

Перамовы ў Данецку працягваюцца адзін вечар. Вынікам становіцца дамоўленасць аб узаемным спыненні агню да 27 чэрвеня. Праўда, ужо раніцай аўторка 24 чэрвеня пад Луганскам узрываецца мост, а пад Данецкам — чыгунка. А ўкраінскія вайскоўцы налічваюць тры дзясяткі абстрэлаў з боку баевікоў.

Палітолаг і прафесар кафедры паліталогіі Нацыянальнага ўніверсітэта Кіева-магілянскай Акадэміі Аляксей Гарань расказвае Еўрарадыё, што Уладзіміра Пуціна "натхнілі" не перамовы ў Данецку, а магчымасць новых санкцый Захаду.

“Гэта звязана не з перамовамі, гэта звязана з ціскам Захаду і з магчымым пераносам санкцый на іншы узровень”.

Эксперт мяркуе, што Кіеў абыграў Маскву, прадставіўшы план мірнага ўрэгулявання канфлікту — так званы план Парашэнкі. У выніку Крэмль быў вымушаны шукаць магчымасці для манеўру. Аднак, мяркуе Аляксей Гарань, святкаваць перамогу і расслабляцца Кіеву рана.

“Да апошняга дня, да ўчора працягвалася брацанне расійскай зброяй, манеўры на мяжы з Украінай. Пуцін нагнятаў напружанасць. Калі агучанае рашэнне будзе прынятае, гэта добра. Але гэта не азначае, што Пуцін спыніць узброеную падтрымку тэрарыстаў і сепаратыстаў. Тут мы не павінны мець ніякіх ілюзій”.

Тым часам значны кавалак украінска-расійскай мяжы застаецца пад кантролем сепаратыстаў з абодвух самаабвешчаных рэспублік. Частка украінскіх экспертаў мяркуе, што перамір’е баевікі могуць выкарыстаць для ратацыі, нарошчвання сіл і ўзбраення. Не без дапамогі Расіі, вядома.

Фота Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі