Эксперт: Хто б ні перамог ва Украіне, для Беларусі нічога не зменіцца

“Так, нашы паляцелі ўжо. Гэта Мікалай Лазавік, сакратар камісіі, і намеснік Вадзім Іпатаў. Яны вернуцца 26 траўня”, — расказваюць Еўрарадыё ў прыёмнай Цэнтрвыбаркама.

Цікава, што назіраць за рэферэндумам у Крыме, а тым больш, за галасаваннем у так званых Данецкай і Луганскай народных рэспубліках прадстаўнікі беларускага ЦВК не ездзілі. Аднак сам факт паездкі Мікалая Лазавіка ў Кіеў на пазачарговыя выбары прэзідэнта Украіны недвухсэнсоўна кажуць, Мінск мае намер выбары прызнаць.

Украінскі палітолаг і эксперт па беларуска-украінскіх адносінах Алег Санжарэўскі супакойвае: хто б ні перамог у нядзелю ва Украіне, на стасункі паміж Мінскам і Кіевам гэта не паўплывае. Прычына ў тым, што лідары гонкі альбо самі з’яўляюцца буйнымі бізнесменамі (як Пётр Парашэнка, напрыклад), альбо цесна звязаныя з буйным бізнесам (як Юлія Цімашэнка). А таму кардынальных зменаў ва ўнутранай і знешняй палітыцы чакаць не варта. Бізнесу яны папросту не патрэбныя.

“Казаць пра тое, што яны ўсё кардынальна памяняюць ў краіне, у розных сферах, я б не стаў. Таму для Беларусі ў адносінах з Украінай таксама мала што памяняецца. У нас унутры цяпер вельмі шмат праблем, новы прэзідэнт будзе займацца імі”.

Працуюць ва Украіне і незалежныя назіральнікі з Беларусі. Адзін з іх, грамадскі актывіст з Гомеля Андрэй Стрыжак, — у Адэсе. Расказаць пра свае ўражанні ад арганізацыі выбараў і атмасферы на поўдні Украіны Андрэй не можа — такі рэгламент, назіральнікі нават падпісваюць адмысловы дакумент. Але кажа, што нечага незвычайнага за некалькі дзён, праведзеных ва Украіне, не заўважыў.

Тым часам палітолаг Алег Санжарэўскі распавядае, што апошнім часам заўважыў ва украінцаў рост сімпатый да… кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі!

“Улічваючы патрэбу украінскага грамадства ў моцнай руцэ, улічваючы тое, што сённяшнія ўлады даказалі сваю няздольнасць вырашаць праблемы, то, я б сказаў — так, Лукашэнка стаў больш папулярны”.

Нават крыху шкада, што кіеўскія сацыёлагі не ўключаюць прозвішча Лукашэнкі ў свае даследаванні. Вельмі цікава было б даведацца, які рэйтынг мае нязменны кіраўнік Беларусі ў краіне, якая скінула апошняга прэзідэнта за карупцыю і недэмакратычнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі