Эксперт: Адмяняць дэкрэт№3 складана псіхалагічна. Але можна спусціць на тармазах

Эксперт: Адмяняць дэкрэт№3 складана псіхалагічна. Але можна спусціць на тармазах

"Дармаедскі" дэкрэт №3 і будоўля бізнэс-цэнтра побач з месцам масавых расстрэлаў у Курапатах сталі дзвюма "кропкамі кіпення" беларускага грамадства. За апошнія дні на вуліцы гарадоў па ўсёй Беларусі выйшлі тысячы — патрабаваць адмены збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў і дзясяткі — каб спыніць будоўлю на костках.

Як адрэагавалі на гэта ўлады, чаму людзям не патрэбныя палітычныя лозунгі і колькі пратэстоўцаў трэба, каб змяніць сітуацыю ў краіне, разважае доктар палітычных навук, дырэктар інстытута "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч.

Слухаць размову цалкам:

Асноўныя цытаты:

"Пакуль што пратэсты абмежаваныя. Ёсць адчуванне, што гэта лакальныя акцыі. Мы не можам казаць, што іх дынаміка станоўчая. "Крытычная маса" пакуль што не збіраецца. Але будзе вясна, і, магчыма, усё цікавае яшчэ наперадзе".

"10 тысяч пратэстоўцаў — гэта дастаткова, каб улады звярнулі ўвагу на сітуацыю і зразумелі, што ў краіне адбываецца нешта не тое. Градус сацыяльнай напружанасці вырас і людзі гатовыя да актыўнасці. Але і дзесяці пратэстоўцаў было б дастаткова, каб улады зразумелі сімптом". 

"Яшчэ не мабілізаваныя людзі, якія звычайна з'яўляюцца апалітычнымі і далёкімі ад грамадскіх справаў. Калі казаць пра тых, хто выходзіў пратэставаць супраць дэкрэта №3, гэта яшчэ не працоўныя ў шырокім значэнні слова, не служачыя, не настаўнікі. Словам, не тое, што з'яўляецца сацыяльнай асновай існуючай сістэмы. Таму пратэсты цяпер — гэта толькі сімптом, але яшчэ не крызіс".

"Рэакцыю ўладаў мы ўбачым у самы бліжэйшы час. Гэта патрабуе нейкай гнуткасці. Гэта патрабуе вывучэння сітуацыі: хто канкрэтна выйшаў, як гэтым працэсам кіраваць, як яго разбураць. Але цяпер нічога відавочнага мы ў дзеяннях уладаў не бачым".

Эксперт: Адмяняць дэкрэт№3 складана псіхалагічна. Але можна спусціць на тармазах
Андрэй Казакевіч. Фота: Еўрарадыё

"На гэтай стадыі я не лічу верагодным сілавы сцэнарый. У нас паляпшаюцца стасункі з Захадам, і нейкія гвалтоўныя дзеянні будуць значыць абясцэньванне ўсіх дасягненняў. А калі ўлічыць, што цяпер стасункі з Расіяй вельмі напружаныя, дык для такіх крокаў, відавочна, не час".

"Малая колькасць пратэстоўцаў у Курапатах тлумачыцца тым, што гэтая падзея [маецца на ўвазе будаўніцтва бізнэс-цэнтра. — Еўрарадыё] мела меншую гісторыю, а пратэсты адбыліся спантанна. Калі сітуацыя зацягнецца, яна будзе прыцягваць усё большую і большую ўвагу, і колькасць людзей будзе узрастаць. Але, натуральна, гэта будуць зусім іншыя людзі, чым тыя, хто ходзіць на маршы "недармаедаў". 

"За свой дабрабыт, за сацыяльную ўладкаванасць беларусы гатовыя пратэставаць значна больш актыўна, чым за гістарычныя сімвалы. Нават такія трагічныя, як Курапаты. Але так у большасці краін свету".

"Хуткая пастаноўка палітычных лозунгаў здольная хутчэй адпужваць. Людзі хочуць вельмі канкрэтнага і не звязваюць гэта з нейкімі шырокімі палітычнымі праграмамі".

"Людзі не бачаць альтэрнатывы ўладзе. Адмяніць дэкрэт — добра. А памяняць сістэму — дык на якую сістэму? Пытанне іншай мадэлі вельмі складанае для звычайных людзей. Украіна? Расія? Нават Еўропа ўжо не выглядае нечым безумоўна прывабным. Але падрыхтоўка альтэрнатыўнага бачання — гэта не справа большасці. Гэта справа палітычнай эліты, экспертаў".

"Хуткую рэакцыю ўладаў на пратэсты ў Курапатах можна патлумачыць тым, што гэтая справа не будзе мець нейкіх сур'ёзных палітычных наступстваў, калі яе проста зняць. Ну адмяніце будоўлю, ну няхай яна будзе адбывацца ў нейкім іншым месцы. Тым больш, што справа дастаткова відавочная: так ці інакш там людзей забівалі, і так ці інакш там мусіць быць мемарыял. Лепш у прынцыпе зняць гэтае пытанне з парадку дня і не рабіць з яго палітычнай праблемы".

"З гледзішча ўладаў, сітуацыю з дэкрэтам №3 падаецца найбольш лагічным проста спусціць на тармазах. Адмяняць дэкрэт складана псіхалагічна. Тым больш, што Аляксандр Лукашэнка нядаўна сказаў, што ўлады будуць глядзець, як ён працуе, і думаць пра адмену год-два. Таму самае лагічнае — аслабіць яго выкананне. Не даводзіць справу да судовых выканаўцаў, да гвалту. Паступова выводзіць за межы вострай праблемы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі