Вы тут

Экс-старшыню Гомельскага райвыканкама асудзілі на 10 гадоў з канфіскацыяй

Аляксандр Сітніца / Сяргей Камкоў, TUT.by

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля абвешчаны прысуд былому старшыні Гомельскага райвыканкама Аляксандру Сітніцы, піша TUT.by. Менавіта столькі прасіў пракурор.

Сітніцу прызналі вінаватым у замаху на хабар і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Да суда экс-чыноўнік амаль год правёў у СІЗА.

На судзе адвакат Сітніцы і ён сам заяўлялі, што пракурор будуе абвінавачванне толькі на паказаннях сьведкаў і пацярпелых, дадзеных падчас папярэдняга следства. Паводле іх, бок абвінавачання не звяртаў увагі на паказанні, дадзеныя ў судзе, а яны істотна адрозніваліся.

На судзе ні адзін з пацярпелых не прызнаў сябе такім. Былыя дырэктар ААТ "Камбінат "Усход", дырэктар КСУП "Урыцкае", а таксама намеснік дырэктара Гомельскай птушкафабрыкі ў судзе заявілі, што не маюць ніякіх прэтэнзій да Сітніцы і не лічаць яго вінаватым. Дзяржабвінаваўца запатрабаваў даць прававую ацэнку дзеянням тых удзельнікаў працэсу, якія ў судзе змянілі свае паказанні.

Старшыня Гомельскага райвыканкама Аляксандр Сітніца нечакана знік у сярэдзіне красавіка 2018 года. Пазней у МУС паведамілі, што яго знайшлі і затрымалі ў Расіі. Экс-чыноўніка вінавацілі ў хабары і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Следства заяўляла, што Сітніца лабіяваў інтарэсы прыватных фірмаў, за што атрымліваў падзяку ад кіраўнікоў гэтых кампаній.

Сітніца кіраваў Гомельскім райвыканкамам з 2009 года.