Экс-дэпутат: Дэпутацкія групы ў парламенце ствараюць толькі са згоды ўлады

Еўрарадыё пацікавілася ў былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, палітолага Вольгі Абрамавай, ці выступалі раней дэпутаты так актыўна супраць законапраектаў.



Абрамава: "Ды вядома! Такіх законаў было нямала. Пачнем з таго, што супраць ініцыяванага мной закона "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг" прагаласавала 15 чалавек. Прычым у зале не выступала ніводнага чалавека супраць. А былі законы, якія Палата прадстаўнікоў другога склікання проста завальвала ці адпраўляла на дапрацоўку. Калі ішоў закон "Аб свабодзе веравызнанняў", там была такая "сеча", там амаль да бойкі дайшло на другім слуханні паміж двума дэпутатамі — прыхільнікам і праціўнікам закона".



Разам з тым Абрамава адзначае, што не варта спадзявацца, быццам у Палаце прадстаўнікоў з такога пратэстнага галасавання вырасце нейкая апазіцыйная група.



Абрамава: "Яны, вядома, могуць узнікнуць, але — па камандзе. У адрозненне ад досведу другога склікання Палаты прадстаўнікоў. Тады ініцыяваныя зверху дэпутацкія групы сталі паводзіць сябе не так, як планавалася. Тым больш, што больш сяброў гэтых груп, якіх туды рэкрутавалі прызначаныя кіраўнікі, не ведалі, што гэтая ініцыятыва ажыццяўляецца зверху. І сталі правальвацца жаданыя для ўлады законы — у тым ліку і праз механізм дэпутацкіх груп. І тады стала ясна, што дэпутацкія групы — штука далёка не бяскрыўдная".



Таму, на думку палітолага, парламент не можа стаць крыніцай нейкіх зменаў у краіне. Абрамава мае надзеі хіба што на наменклатуру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі