Дзяржаўны канал растлумачыў, чаму не паказаў выступ апазіцыйнага кандыдата

Дзяржаўны канал растлумачыў, чаму не паказаў выступ апазіцыйнага кандыдата

Выступленне кандыдаткі ў дэпутаты парламента ад “Аб’яднанай грамадзянскай партыі” Ірыны Давідовіч знялі з эфіру дзяржаўнага тэлеканала “Гродна” 23 кастрычніка. Актывістка “Аб’яднанай грамадзянскай партыі” балатуецца па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54. Яна заявіла, что на дзяржаўным ТБ спужаліся слова “імпічмент”. Але як тлумачыць забарону кіраўніцтва тэлеканала?

“Спачатку “згубілася” флэшка з маёй прамовай, калі я прыйшла на канал рабіць запіс, — расказвае Еўрарадыё Ірына Давідовіч. — Але я сказала, што ў мяне ёсць яшчэ дзве, дык тады і першая знайшлася. Неяк падалося гэта дзіўным. Усё прайшло добра, і пытанняў да мяне не было”.

Сябра АГП прадчувала забарону выступлення на тэлебачанні, таму запісала відэа дома і выклала запіс у інтэрнэт. 

Выступленне Ірыны Давідовіч

У сваім выступленні Ірына кажа, што ў выпадку перамогі на выбарах яна распачне працэдуру імпічменту Аляксандру Лукашэнку. Яна ўпэўненая, што менавіта гэтыя словы і сталі галоўнай прычынай забароны эфіру з яе ўдзелам на канале “Гродна”.

“Калі кажуць “Лукашэнка, сыходзь” ці “У адстаўку”, дык гэта звыкла да беларускага вуха, — гаворыць Еўрарадыё актывістка АГП. — А вось слова імпічмент азначае нешта жахлівае для іх [для уладаў. — Еўрарадыё]. Цікавіцца, чаму не паказалі мой выступ на канале, я не стала. Рыхтую скаргі”.

Выступленне абражае беларусаў?

Кіраўнік тэлерадыёкампаніі “Гродна” Мікалай Мельячэнка распавёў Еўрарадыё, што Ірына Давідовіч парушыла закон і абразіла беларусаў:

— Парушыла артыкулы закона пра выбары. Былі недапушчальныя рэчы ў яе выступленні. Рэчы абразлівага характару, якія датычацца грамадзян Беларусі, будаўнікоў Беларускай АЭС і кіраўніцтва краіны. Таму было прынятае рашэнне зняць яе выступленне з эфіру.  

—А што менавіта яна сказала?

— Калі чалавек гаворыць“крыварукія будаўнікі”, разумееце… Калі б гэта пачулі будаўнікі Беларускай АЭС, дык, напэўна, ў суд падалі, калі б выступленне прайшло. Ці пра тое, што ўсе “грамадзяне Беларусі рабы” — гэта можа абразіць і абражае людзей, якія жывуць у краіне.      

— Ёсць меркаванне, што за словы пра імпічмент…

— Гэта ёй [Ірыне Давідовіч. — Еўрарадыё] так хочацца. У іх там у АГП узгодненая пазіцыя. І імпічмент павінен закрануць. Там дастаткова нагод, каб гэтае выступленне зняць. Акрамя імпічменту. 

Гэта не першая забарона выступленняў апазіцыйных кандыдатаў на дзяржаўным тэлебачанні. 22 кастрычніка тэлерадыёкампанія “Гомель” не пусціла ў эфір выступленне кандыдата ад АГП Уладзіміра Няпомняшчых. 

Кіраўніцтва канала не знайшло часу, каб растлумачыць Еўрарадыё, чаму забаранілі эфір Няпомняшчых. Сам апазіцыйны кандыдат лічыць, што ўладам не спадабаліся яго словы пра імпічмент і “народжанага ў каньках”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі