Дзякуючы агароджы на мяжы з РБ палякі за суткі спынілі больш за 50 парушальнікаў

У дадатак да сталёвага плота на мяжы з Беларуссю палякі абсталююць электронны бар'ер / twitter.com/Straz_Graniczna

Беларуска-польскую мяжу за мінулыя суткі спрабавалі парушыць 54 замежнікі. 35 з іх планавалі трапіць у Польшчу на ўчастку Мельнік. Усе інцыдэнты былі заўважаныя аператарамі электроннага бар'ера, расказалі ў польскай памежнай службе.

Частку мігрантаў затрымалі, частку адціснулі на тэрыторыю Беларусі. Памежнікі паведамілі таксама пра яшчэ двух мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Польшчу праз раку Валкушанка ў раёне Пласкі.

Увосень 2022 года, нагадаем, Польшча завяршыла будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю. Яго вышыня складае 5,5 метра, ён дапоўнены калючым дротам. У ім ёсць брамкі і вароты, а таксама лазы для дробных жывёл. Тады ж польскія памежнікі расказалі пра намер стварыць яшчэ і электронны бар'ер. Першы ўчастак у 21 кіламетр быў абсталяваны ў лістападзе. Зараз уведзеныя ў эксплуатацыю больш за 100 км электроннага бар'ера. Ён абсталяваны камерамі начнога бачання, цеплавізійнымі камерамі і кабелямі выяўлення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.