Дзядуля выратаваў дзяўчыну ад гвалтаўніка і сам трапіў у рэанімацыю

“Калі б не бацька, то, як следчы расказвае мне, дзяўчыне ўсё было б. Гвалтаўнік яе ўжо ў роў валок. Ужо душыў, прыдушваў там проста”, — расказвае Генадзь Сцепянкоў пра ўчынак свайго бацькі Віктара.

Усё здарылася ў Оршы. Амаль пасярод горада, удзень у пятніцу 5 верасня 45-гадовы мужык хапае маладую жанчыну і цягне яе падалей ад людзей. Яна крычыць, супраціўляецца. Дапамагае ёй толькі 78-гадовы дзядуля. Ён крычыць на гвалтаўніка, пагражае выклікаць міліцыю, у рэшце пачынае тэлефанаваць на нумар 102. Генадзь Сцепянкоў расказвае, чым гэта заканчваецца для яго бацькі:

“Злачынца пачаў збіваць бацьку. А дзяўчына ўцякла, выклікала міліцыю… Гвалтаўніка затрымалі толькі увечары. Ён спачатку аднекваўся, а потым прызнаўся ва ўсім… Дзяўчына пазней сама да маці маёй прыйшла. Кажа, што калі б не мой бацька, то ёй канец быў бы”.

Няўдалы гвалтаўнік моцна пабіў Віктара Сцепянкова, нанёс цяжкія траўмы, у тым ліку, і на галаве. Яго сын расказвае, што прыехаў у Оршу з Ракава, дзе цяпер жыве, адразу пасля званка ад следчага. “Спроба спыніць супрацьпраўныя дзеянні”, — так кваліфікуе дзеянні Віктара Сцепянкова следства. Сам ён з 5 верасня ў рэанімацыі, урачы ацэньваюць стан як цяжкі.

“Урачы што гавораць? Што аперацыю зрабілі ў той жа дзень. Трэпанацыю чэрапа… Ён у крыві ўвесь быў, калі знайшлі. Нават не “хуткая”, а ДПСнікі. Недалёка ад таго месца”, — расказвае сын Віктара.

Еўрарадыё знаходзіць Таццяну, якую такім высокім коштам выратаваў Віктара Сцепянкоў. Яна дагэтуль ў шоку ад пятнічных падзей. Гаворыць, што не хоча ўзгадваць нападзенне на яе і тое, што было пазней. Ні з кім пра гэта не гаворыць цяпер акрамя следчага.

“Не магу вам расказаць падрабязнасцяў. У мяне ж сям’я, дзіця маленькае… Зразумейце мяне таксама. Вось цяпер з дзіцём акурат гуляю ў парку… Мне гэта ўсё цяжка вельмі ўзгадваць. Таму я размаўляю толькі са следчым, прабачце”.

Цяпер падазраваны ў спробе згвалтавання і нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў знаходзіцца за кратамі, па яго справе ідзе следства. Ён ужо прызнаўся ў тым, што зрабіў. Толькі за збіццё пенсіянера яму пагражае да 5 гадоў турмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі