Дзмітрыеў паскардзіўся ў суд на малую колькасць месцаў для агітацыі

Андрэй Дзмітрыеў / Еўрарадыё
Андрэй Дзмітрыеў / Еўрарадыё

6 ліпеня прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Андрэй Дзмітрыеў падаў у Мінскі гарадскі суд скаргу на Мінгарвыканкам. Дзмітрыеў лічыць, што сталічныя ўлады вызначылі занадта мала месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў падчас перадвыбарнай агітацыі. 

25 чэрвеня Мінгарвыканкам вызначыў усяго шэсць месцаў, дзе будуць дазволеныя агітацыя і мітынгі. І ні адно з іх не знаходзіцца ў цэнтры! У пераліку дазволеных месцаў: парк Дружбы народаў, Цэнтральная алея ў Парку культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка, пляцоўка каля фантана ў Кіеўскім скверы на вуліцы Кахоўскай, пляцоўка пры ўваходзе ў парк імя Грэкавай на вуліцы Малініна, сквер Жукава і Тучынскі сквер.

Удумайцеся, на двухмільённы Мінск дазволілі агітаваць у шасці месцах. Гэта паркі на ўскраіне горада, то-бок каб вы наогул не бачылі альтэрнатыўных кандыдатаў. Ёсць гарады, дзе наогул забыліся вызначыць месцы для агітацыі! Таму мы па ўсёй краіне абскардзім гэтыя рашэнні, — сказаў Дзмітрыеў падчас відэазвароту да выбаршчыкаў.

Ён заклікаў грамадзян звяртацца ў суды і абараняць сваё права на сумленныя выбары. 7 ліпеня сустаршыня грамадскага аб'яднання "Гавары праўду" абяцае выкласці шаблон заявы, каб кожны змог падаць яго ў адпаведныя органы. 

Улада сёння хоча, каб выбары былі проста перапрызначэннем Лукашэнкі, а мы хочам, каб гэта былі сумленныя выбары з абраннем новага прэзідэнта Беларусі, — дадаў Дзмітрыеў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі