Джулі Фішэр пакідае пасаду спецпасланніцы ЗША па Беларусі

Джулі Фішэр пакідае пасаду спецпасланніцы ЗША па Беларусі

Джулі Фішэр пакідае пасаду спецпасланніцы ЗША па Беларусі. Пра гэта яна паведамляе ў афіцыйнай заяве на сайце амбасады ЗША ў нашай краіне.

На гэтай пасадзе Фішэр прабыла 1,5 года, так і не атрымаўшы дазволу на ўезд у Беларусь. 

"Для мяне было за гонар быць побач з вамі", — звяртаецца яна да грамадзян Беларусі.

У сваёй заяве дыпламат згадвае падзеі 2020 года: "З 2020 года вы, народ Беларусі, ясна далі зразумець, што менавіта вы павінны вызначаць будучыню краіны. Я хацела б выказаць нязменнае захапленне вашай сілай і рашучасцю настойваць на тым, каб вашы правы паважалі, а вашы галасы былі пачутыя. Я хацела б вас запэўніць, што наша прыхільнасць падтрымліваць вас на гэтым шляху адлюстроўвае непахісны кансенсус Злучаных Штатаў".

Фішэр падкрэслівае, што ЗША не маглі маўчаць пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларуі ў 2020-м. "Не маглі абяляць жорсткасць рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, калі вы мірна выйшлі на вуліцы Мінска, Гродна, Гомеля і іншых гарадоў у абарону сваіх асноўных свабод і годнасці як грамадзян Беларусі. Таму не дзіўна, што Аляксандр Лукашэнка адклікаў агрэман на прыезд амерыканскага амбасадара".

Сваёй галоўнай задачай на пасадзе спецпасланніцы па Беларусі яна называе ўмацаванне амерыканскай падтрымкі народа Беларусі і барацьбы беларусаў за дэмакратыю.

"Мы працягваем заклікаць рэжым безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі і неправамернае абыходжанне з грамадзянамі і арганізацыямі, а таксама заклікаем да змястоўнага нацыянальнага дыялогу з усімі элементамі беларускага грамадства, у тым ліку тымі, хто знаходзіцца ў выгнанні. Такі дыялог прывядзе да новых выбараў пад міжнародным назіраннем", — заяўляе Фішэр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі