Джэк Верабей адолеў Ваўкадава

Вяснова-летні сезон выдаўся “гарачым” не толькі на надвор’е, але і на кінапрэм’еры. Сусветна папулярныя і касавыя стужкі “Шрэк Трэці”, “Піраты Карыбскага мора 3: За светам” дагэтуль карыстаюцца поспехам у мінскіх кінатэатрах. Дарэчы, “Піраты…” хутчэй за ўсё стануць лідэрамі гэтага года ў беларускім пракаце. Іх пракат яшчэ не скончыўся, а яно ўжо апярэджваюць “Ваўкадава”, які трымаўся на першым месцы да гэтага часу. Высокай прыступкі чакае дырэктар “Кінавідэапракату” Васіль Коктыш і ад трэцяй часткі “Шрэка”:

Коктыш: “Стужка пра Шрэка хутчэй за ўсё ўвойдзе ў дзесятку самых відовішчных касавых фільмаў”.

Найлепшым вынікам для анімацыйных фільмаў было трыццатае месца “Лясной братвы”. І, наогул, вялікай касы мультфільмы, хай сабе і поўнаметражныя, ніколі не збіралі, таму што квіткі на іх таннейшыя.

Коктыш: “Мы не збіраемся фарсіраваць кошты на квіткі, бо кіно павінна быць даступным. У тым ліку будзем старацца трымаць цэны на квіткі на дзіцячыя сеансы. Бо ўсё адно хутка дзеці вырастуць і стануць нашымі дарослымі гледачамі.”

Васіль Коктыш лічыць Мінск еўрапейскай кінасталіцай. І мяркуе, што беларуская кінаіндустрыя паступова развіваецца. Так, да прыкладу, большасць прэм’ер беларусы атрымалі магчымасць паглядзець у адзін дзень з сусветнымі кінапрэм’ерамі.

Культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў мае зусім іншае меркаванне. Ён лічыць, што на нашыя экраны трапляе толькі частка таго, што глядзіць цывілізаванае грамадства. А беларусы ў асноўным вымушаныя глядзець тыя стужкі, што дазваляюць “адбіць” грошы, якія былі ўкладзеныя ў набыццё права іх паказу:

Жбанкоў: “Мы бачым найбольш папсовую частку мэйнстрыму. Гэта кіно збольшага коміксавае: празрыстае па сэнсе, з карыкатурнымі героямі і прасцюткай да ўзроўню анекдота інтрыгай”.

Паласа трыквелаў, то бок трэціх частак касавых стужак, на думку Максіма Жбанкова, дэманструе тое, што кінаіндустрыя арыентуецца на канвеерную вытворчасць. Аднак і гэтае кіно адрозніваецца па якасці. Спадар Жбанкоў працягвае:

Жбанкоў: "Найбольш удалым з’яўляецца “Піраты Карыбскага Мора 3”, бо яны здолелі аднавіць амаль страчаную ў мінулай частцы цынічна-іранічную атмасферу, што прынесла поспех іх першай частцы. “ Шрэк Трэці” – там няма нічога новага. Як на мой погляд, гэты серыял выдыхаецца. Але самым горшым фільмам з гэтага шэрагу з’яўляецца “Трынаццаць сяброў Оўшэна” – найбольш штучны, найменш цікавы і найменш вынаходніцкі".

Начальнік аддзела інфармацыі і рэкламы “Кінавідэапракату” Наталля Патапенка кажа, што поспех гэтых стужак быў прадказальным. Яго яна таксама чакае ад прэм’ер, якія хутка будуць паказваць мінскія кінатэатры:

Патапенка: “Моцны арэшак 4” , думаем, пойдзе вельмі добра, мяркуючы па тым, што мінулыя часткі былі папулярнымі. А ў ліпені мы чакаем працягу “Гары Потэра” і спадзяемся, што тыя, хто глядзеў першыя часткі, таксама прыйдуць у кінатэатры”.

Кінаіндустрыя становіцца ўсе больш і больш серыяльнай. Бо ўжо цяпер аб’яўлена пра тое, што ў 2009 годзе свет пабачыць чацвёртая частка “Шрэка”. І па ўсім відаць, што іншыя блокбастэры ўслед за гэтым не прымусяць доўга чакаць сваіх працягаў.

4-ка рэкардсменаў сусветнага пракату па выніках першага ўікэнду пракату:

1. Чалавек-павук-3 - 151,1 мільёнаў долараў
2.Піраты Карыбскага мора 2: Куфар мерцвяка - 135,6 мільёнаў долараў
3.Піраты Карыбскага мора 3: За светам - 126 мільёнаў долараў
4. Шрэк-3 - 121,6 мільёнаў долараў

Беларуская 5-ка рэкардсмэнаў пракату:
1.Піраты Карыбскага мора 3: За светам
2.Ваўкадаў
3.Каханне-морква
4.Чалавек-павук 3
5.Апакаліпсіс


Фота — www.piratesofthecaribbean.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі