Дзень сурка: Лукашэнка плануе прысвяціць наступную пяцігодку малой радзіме

Дзень сурка: Лукашэнка плануе прысвяціць наступную пяцігодку малой радзіме

Ключавой задачай у маштабах Віцебскай вобласці і краіны з'яўляецца развіццё рэгіёнаў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Віцебск.

Ён заявіў, што ўжо ёсць праграмы і планы па буйных і малых гарадах, сельскіх паселішчах, паскораным развіцці гарадоў і раёнаў з насельніцтвам каля 80 тысяч чалавек. Праца па аткім развіцці пачалася акурат на Віцебшчыне — у Оршы. "Тут вырашана было зрабіць узор, прыклад, па якім павінны развівацца такія рэгіёны. У нас, па-мойму, 11 такіх гарадоў, як Орша, і кожны мае сваю праграму развіцця па прыкладзе Оршы", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы заявіў, што наступная пяцігодка будзе прысвечаная малой радзіме.

"Мы вызначылі, у якім кірунку будзем развівацца. І будучая пяцігодка будзе прысвечана гэтай малой радзіме. Нам трэба падняць рэгіёны, зрабіць так, каб людзі адчувалі сябе ў аграгарадку гэтаксама, як у Мінску, і жадання ў іх было больш жыць у аграгарадку, чым у Мінску", — паведаміў ён.

Нагадаем, што ў лютым 2018-га Лукашэнка назваў гэты год Годам малой радзімы. У чэрвені таго ж года ён падпісаў спецыяльны ўказ, якім абвясціў што Год малой радзімы расцягнецца на тры гады — з 2018-га па 2020-ы. 

Цяпер беларусаў чакае Пяцігодка малой радзімы...

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі