Дзедэчэк: Тое, што адбываецца ў Беларусі, не можа працягвацца гады!

24 студзеня ў Варшаве кіраўнікі адразу некалькіх аддзяленняў міжнароднай літаратарскай арганізацыі ПЭН-клуб падпісалі зварот з заклікам вызваліць Уладзіміра Някляева. У тым жа дакуменце згаданы Лю Сяа-бо — апошні лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, які кінуты за краты ў Кітаі. Зварот ініцыяваў прэзідэнт чэшскага ПЭН-клуба Йіржы Дзедэчэк, які на наступны дзень завітаў у Мінск і ласкава пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў карэспандэнта Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Якой падавалася чэшскім інтэлектуалам кампанія па выбарах прэзідэнта Беларусі да 19 снежня 2010-га?

Йіржы Дзедэчэк: Мы ўсе думалі, што гэтыя выбары будуць дэмакратычныя. Яшчэ ў кастрычніку я сустрэў у Токіа Андрэя Хадановіча, мы паразмаўлялі пра сітуацыю ў Беларусі. І нават Андрэй, які жыве тут, сказаў мне, што Беларусь зараз не патрабуе нашай дапамогі, бо справы добрыя і, здаецца, усё ідзе ў дэмакратычным напрамку. Скажу шчыра: ваш прэзідэнт уяўляўся нам крыху смешным, але — не бязлітасным… Мы думалі, што ён такі цар-гуманіст. І тое, што мы пабачылі пры канцы снежня, для чэшскіх пісьменнікаў было вялікім шокам. Таму я цяпер тут.

Еўрарадыё: Ці ёсць вам з чым параўнаць гэтыя падзеі?

Йіржы Дзедэчэк: Мы з сябрамі часам параўноўваем Беларусь і Чэхію ўвогуле. І нам падаецца, што сітуацыя ў вашай краіне вельмі нагадвае тое, што адбывалася ў Чэхіі 20 гадоў таму, з той розніцай, што ў вас ёсць інтэрнэт, а ў нас яго не было. Гэта вельмі важна, бо 20 гадоў таму ў Чэхаславакіі ў нас былі толькі тэлефоны, якія, да таго ж, дрэнна працавалі… Гэтая розніца вельмі істотная. І, менавіта праз існаванне інтэрнэту, я думаю, тое, што адбываецца ў Беларусі цяпер, не можа працягвацца гады! Хіба што месяцы.

Еўрарадыё: Ці варта было, на вашую думку, Уладзіміру Някляеву — літаратару, ганароваму старшыні беларускага ПЭН-клуба — ісці ў палітыку?

Йіржы Дзедэчэк:
У нас пісьменнікі вельмі часта кажуць, што яны шчаслівыя і больш не павінныя быць сумленнем народу. Але я думаю, што добры аўтар – гэта заўжды сумленне народа. Іншыя пішуць інтымную літаратуру. Інтымную, маленькую паэзію. Выдатную! Але іх менш. А ў творах большасці маіх калег ёсць рэфлексія палітычнага жыцця. Нават сама мова можа быць сродкам такой рэфлексіі.

У нас ёсць прыклад Вацлава Гавела, які найперш быў пісьменнікам, а пасля — прэзідэнтам, чалавекам вялікай палітыкі. Ёсць і іншыя прыклады. І я таксама думаю, што не магу правесці мяжу паміж палітычным жыццём і маёй творчасцю. Я грамадзянін Чэшскай Рэспублікі — і гэтым, я думаю, усё сказана.

Еўрарадыё: Гэтым і тлумачыцца ваш ліст у падтрымку Уладзіміра Някляева, які днямі быў падпісаны кіраўнікамі адразу некалькіх ПЭН-клубаў?

Йіржы Дзедэчэк:
25 студзеня мы сустрэліся ў Варшаве, у чэшскай амбасадзе — такім кавалачку зямлі, які належыць Чэхіі. Нас было чацвёра: прэзідэнт польскага ПЭН-клуба Адам Паморскі, старшыня кітайскага ПЭН-клуба ў выгнанні, сябра літоўскага ПЭН-клуба Эркус Кунчус і я, прэзідэнт чэшскага ПЭН-клуба. Мы падпісалі нешта накшталт дэкларацыі ў падтрымку Уладзіміра Някляева і кітайскіх дысідэнтаў, найперш Лю Сяа-бо. Гэта зварот да міжнародных арганізацый, да ўрадаў Беларусі і Кітая, у якім сказана, што ўпершыню ў гісторыі літаратуры два ганаровыя прэзідэнты нацыянальных ПЭН-клубаў знаходзяцца за кратамі… Гэта сітуацыя, пра якую мусяць даведацца ўсе літаратары свету.

Еўрарадыё:
Ёсць і іншыя спосабы прыцягнуць міжнародную ўвагу да зняволення Уладзіміра Някляева. Напрыклад, калі б яго вылучылі на Нобелеўскую прэмію…

Йіржы Дзедэчэк:
Атрымаць Нобелеўскую прэмію міру не проста, шчаслівы і паспяховы чалавек, напэўна, зрабіць гэтага не зможа… Людзям даводзіцца прайсці турму, весці сумнае жыццё. Але ёсць яшчэ Нобелеўская прэмія па літаратуры, і там ёсць шансы. Вылучыць Някляева на яе можа, напрыклад, ПЭН-клуб. Напрыклад, ідэя намінаваць Лю Сяа-бо належыла Вацлаву Гавелу. Ён, я і некалькі чэшскіх дэпутатаў падпісалі ліст і накіравалі яго ў Осла. І ў нас усё атрымалася! З гэтай нагоды мы былі вельмі шчаслівыя, бо цяпер поспех Лю Сяа-бо — гэта часткова і наш поспех! Дарэчы, год таму я прыняў Лю Сяа-бо і яго калегу, паэтку мадам Гао ў чэшскі ПЭН-клуб.

Еўрарадыё:
Шкада, але спадзяванняў на тое, што Нобелеўскі камітэт двойчы абярэ кандыдатуру ад адной арганізацыі, не вельмі вялікія…

Йіржы Дзедэчэк:
У вас ёсць вялікі сябра і нават брат — гэта Польшча. Там вельмі спачуваюць праблемам беларускіх літаратараў. І мне здаецца, што дамовіцца з Адамам Паморскім будзе не складана.

Еўрарадыё:
Ці сапраўды чэшскі ПЭН-клуб мае намер перакласці творы шэрагу беларускіх літаратараў і выдаць іх асобнай кнігай у Чэхіі?

Йіржы Дзедэчэк:
Гэта будзе кніга на двух мовах: беларускай і чэшскай. Старшыня беларускага ПЭН-клуба Андрэй Хадановіч зараз падбірае творы для такой кнігі. Для нас амаль усё, што тычыцца Беларусі, вельмі цікава. Бо ў Чэхіі людзі ведаюць пра яе вельмі няшмат, а той-сёй нават думае, што яна недзе за Палярным кругам! Ці што Беларусь — гэта частка Расіі, а беларуская і руская мова — гэта адно і тое ж… Таму я і прапанаваў Андрэю гэтую магчымасць: чэшскіх чытачоў трэба пазнаёміць з тым, якое мысленне маюць беларускія пісьменнікі, што яны пішуць, якія іх цікавяць праблемы.

Гэтая кніга будзе ўжо шостай у серыі чэшскага ПЭН-цэнтра. Дагэтуль мы выдалі дзве кнігі кубінскай паэзіі, вершы курда Ахмета Арыфа, складанку сірыйскіх вершаў і творы Лі Сяа-бо. Я наведваў усе гэтыя краіны, дзе літаратары, перакладчыкі і журналісты маюць праблемы са свабодай творчасці. Паўсюль, як і ў Беларусі, я прапаноўваў выдаць кнігу — гэта нашая канкрэтная дапамога творчым людзям. Бо часам ПЭН-клубы абмяжоўваюцца толькі дэкларацыямі…

Еўрарадыё:
Хто будзе фундатарам кнігі?

Йіржы Дзедэчэк:
Грошы дадуць нашыя спонсары. Іх некалькі, і часта гэта сябры пражскага бізнэс-клуба, які аб’ядноўвае паспяховых чэшскіх прамыслоўцаў. Два разы на год яны згодныя выдаткаваць грошы на кнігі. На беларускі том мы прапануем сабраць 200 тысяч крон [прыкладна 11,5 тысяч долараў. — Заўв. Еўрарадыё] — гэтага хопіць на пераклад і ўсе выдавецкія выдаткі, апроч аплаты ганарараў беларускім пісьменнікам. Таму ў кнізе будзе і іх унёсак — творы, якія яны дадуць для бясплатнай публікацыі.

Я добра памятаю час перад рэвалюцыяй у Чэхаславакіі. Час ад часу прыязджаў нехта з Германіі, з Францыі, тэлефанаваў мне і прыносіў 100 франкаў, 100 марак. Яны казалі: “Гэта на тваю творчасць”, — бо ведалі, што ў нас няма грошай. І цяпер гэтыя грошы — пазыка, якую я мушу сплаціць. Чэхія — багатая і амаль вольная, таму надышоў час вяртаць маю пазыку тым людзям, якія жывуць у праблемных краінах.

Даведаўшыся пра нядаўні ператрус з канфіскацыяй тэхнікі ў офісе беларускага ПЭН-клуба, Йіржы Дзедэчэк ужо ў гэты прыезд прывёз калегам падарунак — ноўтбук.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі